10 красавіка, Віцебск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дагавор паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб рэжыме беларуска-латвійскай дзяржаўнай мяжы падпісаны ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З беларускага боку дакумент падпісаў старшыня Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Боечка, з латвійскага - начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Нармундс Гарбарс.

Як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, дагавор устанаўлівае парадак утрымання дзяржаўнай мяжы, яе перасячэння асобамі і транспартнымі сродкамі, перамяшчэння грузаў, тавараў, а таксама урэгулявання памежных інцыдэнтаў.

Бакі абавязваюцца ажыццяўляць гаспадарчую і іншую дзейнасць на дзяржмяжы і прыгранічнай тэрыторыі без шкоды для суседзячага боку, супрацоўнічаць у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, весці сумесныя мерапрыемствы па прадухіленні экалагічных катастроф і стыхійных бедстваў.

Дакументам таксама вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва памежных службаў. Для аператыўнага вырашэння пытанняў, звязаных з забеспячэннем рэжыму дзяржмяжы, і ўрэгулявання памежных інцыдэнтаў створаны інстытут памежных упаўнаважаных.

Будзе ўтворана супольная беларуска-латвійская камісія па пытаннях дзяржмяжы, на якую ўскладаюцца задачы па кантролі яе ўтрымання, арганізацыі праверак праходжання дзяржмяжы і каардынацыі дзейнасці кампетэнтных органаў дзяржаўнага кіравання па адпаведных пытаннях.

"Фактычна заключаным дагаворам Беларусь і Латвія пацвярджаюць адсутнасць тэрытарыяльных пытанняў паміж дзвюма дзяржавамі і цяперашняе праходжанне дзяржаўнай мяжы на мясцовасці, вызначаюць парадак вырашэння пытанняў праходжання беларуска-латвійскай мяжы міжнародна-прававымі спосабамі", - адзначылі ў пагранведамстве.

Там таксама праінфармавалі, што двухбаковае супрацоўніцтва пагранслужбаў Беларусі і Латвіі актыўна развіваецца. У цяперашні час рэалізуецца сумесны праект "Павышэнне эфектыўнасці кіналагічных службаў памежных ведамстваў", які фінансуецца па лініі праграмы ЕС трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія - Літва - Беларусь". У планах развіццё праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі і па іншых напрамках. Новыя магчымасці ў гэтай сферы ў тым ліку адкрывае падпісаны дагавор.