20 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дамоўленасці, дасягнутыя на пасяджэннях Савета кіраўнікоў урадаў СНД і Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС, даюць упэўненасць прадпрыемствам ва спрашчэнні знешнеэканамічных кантактаў. Такі пункт гледжання выказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар ААТ "Завод керамзітавага жвіру г.Навалукомаль" Міхаіл Лазарашвілі.
На яго думку, экспарцёрам для стабільнай працы важныя ўніфікацыя мытных правілаў, спрашчэнне схем руху капіталаў і тавараў.
Міхаіл Лазарашвілі таксама не пакінуў без увагі заявы кіраўніка расійскага ўрада аб дасягненні новых дамоўленасцей паміж Беларуссю і Расіяй у энергетычным супрацоўніцтве і выхадзе на больш нізкія цэны на газ для Беларусі. Для такога энергаёмістага прадпрыемства, як завод керамзітавага жвіру, важную ролю ў павышэнні канкурэнтаздольнасці адыгрывае цана газу. Яе зніжэнне дазволіць пашырыць рынкі збыту, пры гэтым ні пра якую канкурэнцыю з расійскімі вытворцамі будаўнічых матэрыялаў гаворкі не ідзе. "У агульным аб'ёме экспарту на долю расійскіх пакупнікоў прыпадае ўсяго 10%, астатняя прадукцыя адпраўляецца ў дзяржавы Еўропы. Зніжэнне цаны на газ дазволіць канкурыраваць на заходнееўрапейскім рынку па цане і знайсці новых партнёраў", - растлумачыў ён.
ААТ "Завод керамзітавага жвіру г.Навалукомаль" вырабляе керамзітавы жвір розных фракцый, а таксама асвоіў доследна-прамысловую вытворчасць керамзітабетонных блокаў. Попыт на беларускі жвір у краінах ЕС даволі высокі, што тлумачыцца яго высокай трываласцю пры супастаўных паказчыках цеплаправоднасці керамзіту, вырабленага ў Еўропе. Прадукцыя завода адпавядае патрабаванням стандартаў, якія дзейнічаюць у Беларусі і на тэрыторыі ЕС, і мае СЕ-маркіроўку, што дае права на яе ўвоз на тэрыторыю ЕС і прымяненне ў будаўніцтве ў краінах Еўрасаюза. -0-
БЕЛТА
Дамоўленасці кіраўнікоў урадаў СНД і Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС унушаюць упэўненасць ва спрашчэнні эканамічных кантактаў - экспарцёр
20.10.20110 праглядаў