13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Даўгі сельскагаспадарчых арганізацый Беларусі могуць быць рэструктурызаваны. Аб гэтым сказаў у інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь Сегодня" член рабочай групы па вырашэнні праблемных пытанняў у АПК, намеснік начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Пётр Казакевіч, паведамляе БЕЛТА.

Паводле яго слоў, сукупная запазычанасць гаспадарак на дадзены момант вельмі вялікая. Па выніках 2013 года яна амаль на 21% вышэй за выручку. Невыкананыя абавязацельствы ўтварыліся па розных прычынах: з-за недастатковых аб'ёмаў вытворчасці і рэалізацыі, значных затрат, у тым ліку і па прычыне парушэнняў тэхналогіі пры невысокай прадукцыйнасці жывёл і ўраджайнасці культур, стрымлівання закупачных цэн, высокіх ставак банкаўскіх крэдытаў і некаторых іншых.

Для таго каб змяніць сітуацыю, рабочай групай разглядалася некалькі шляхоў. "Спыніліся на рэструктурызацыі, - адзначыў Пётр Казакевіч. - На гэты конт ужо падрыхтаваны адпаведны праект указа". Аднак для яго рэалізацыі неабходны пэўны фінансавы рэсурс. Як, зрэшты, і для правядзення іншых пераўтварэнняў.

"На жаль, у што абыдзецца рэструктурызацыя, пакуль невядома. На дадзеным этапе асноўная праблема зводзіцца да двух падыходаў: рэструктурызаваць даўгі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў (гэта значыць каля паўтары тысячы) альбо праводзіць яе толькі ў так званых неплацежаздольных", - сказаў член рабочай групы. Пакуль, паводле яго слоў, банкі гатовыя прапанаваць сродкі для апошняй групы гаспадарак. Пры гэтым на нядаўнім пасяджэнні рабочай групы прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч даручыў стварыць рабочую падгрупу са спецыялістаў, каб самым дбайным чынам вывучыць гэтую праблему па абедзвюх пазіцыях.

Сам жа Пётр Казакевіч лічыць, што трэба "даць глыток чыстага фінансавага паветра ўсім гаспадаркам". Так, на яго погляд, больш справядліва. "У падрыхтаваным праекце ўказа таксама закладзены элементы справядлівасці, - адзначыў начальнік галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта. - Яна заключаецца ў тым, што рэструктурызацыю прадастаўляюць не непасрэдна неплацежаздольным гаспадаркам, а тым, хто іх захоча выкупіць або далучыць. Толькі ў гэтым выпадку будуць пэўныя льготы. Нешта падобнае мы ўжо праходзілі, калі ў свой час аздараўлялі стратныя сельгаспрадпрыемствы. Не ўсё тады атрымалася так, як хацелася, але ў цэлым прынятыя меры далі станоўчы эфект".-0-