Доўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ сёння прыступаюць да маніторынгу выбараў Прэзідэнта ў рэгіёнах Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Даўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ сёння прыступаюць да маніторынгу выбараў Прэзідэнта ў рэгіёнах Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

БДІПЧ АБСЕ афіцыйна адкрыла маніторынгавую місію 26 жніўня, яе ўзначальвае французскі дыпламат Жак Фор. Місія ўключае асноўную каманду з 11 экспертаў (з 10 краін), якія працуюць у Мінску, і 36 даўгатэрміновых назіральнікаў (з 16 краін), якія будуць размешчаны ў групах па двое па ўсёй краіне. Акрамя таго, БДІПЧ запросіць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў для маніторынгу выбарчага працэсу ў краіне. Яны будуць сачыць за працэсамі рэгістрацыі кандыдатаў і выбаршчыкаў, агітацыйнымі мерапрыемствамі, працай выбарчай адміністрацыі і адпаведных урадавых органаў, выбарчым заканадаўствам і яго прымяненнем, а таксама вырашэннем звязаных з выбарамі скаргаў. Місія таксама будзе праводзіць маніторынг асвятлення кампаніі СМІ.

У ходзе назірання адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржорганаў і асобных кандыдатаў, грамадзянскай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі і міжнароднай супольнасці.

11 кастрычніка назіральнікі будуць сачыць за адкрыццём выбарчых участкаў, ходам галасавання, падлікам бюлетэняў і падвядзеннем вынікаў. У дзень выбараў місія плануе аб'яднаць намаганні з дэлегацыямі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і іншых парламенцкіх партнёраў.

Заява аб папярэдніх высновах і заключэннях будзе апублікавана 12 кастрычніка. Канчатковы даклад аб назіранні за ўсім выбарчым працэсам будзе апублікаваны прыкладна праз два месяцы.

У цяперашні час у Беларусі таксама працуе маніторынгавая місія Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)