16 сакавіка, Мінск /Надзея Радзівон - БЕЛТА/. Доля айчынных лекаў на беларускім фармрынку павялічваецца. Аб гэтым паведаміў сёння на бізнес-форуме "Фармацэўтычны бізнес Беларусі" прадстаўнік даследчай кампаніі "Інтэлікс-М" Дзмітрый Пятровіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Такі трэнд адзначаецца ў рэспубліцы з 2008 года, штогадовы прырост складае ў грашовым выражэнні 1-1,5%. За 2010 год упершыню ўдзельная вага прэпаратаў беларускіх вытворцаў вырасла на 2,7%. У натуральным выражэнні лічбы яшчэ больш уражлівыя, паколькі імпартныя лекавыя сродкі ў некалькі разоў даражэйшыя за айчынныя. Гэтага ўдалося дамагчыся за кошт таго, што нароўні з найбуйнейшымі айчыннымі вытворцамі РУП "Белмедпрэпараты" і Барысаўскім заводам медпрэпаратаў нарасцілі магутнасці недзяржаўныя прадпрыемствы "Лекфарм" і "Фармлэнд". Упершыню за шмат гадоў у ТОП-10 продажаў першыя тры пазіцыі займаюць айчынныя вытворцы "Белмедпрэпараты", "Фармлэнд" і Барысаўскі завод медпрэпаратаў. Таксама ў дзясятку трапіла і СААА "Лекфарм". У цэлым аб'ём фармрынку Беларусі ў 2010 годзе склаў $676 млн. у разлікова-адпускных цэнах, што амаль на 10% больш, чым у 2009 годзе. Па колькасці прададзеных упаковак рынак апошнія чатыры гады застаецца стабільным. Паказчык спажывання лекаў на душу насельніцтва склаў $71,35, сярэдняя цана прададзенай упакоўкі - $1,78. Найбольш запатрабаваныя прэпараты для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў і антыбактэрыяльныя прэпараты. Зніжаецца попыт на вітаміны. Каля 26% паставак у грашовым і 17% у натуральным выражэнні прыпадае на шпітальны сегмент. "У 2011 годзе, па аптымістычных прагнозах, рынак можа прырасці на 7%. Мы мяркуем зніжэнне долі імпарту, паколькі больш высокімі тэмпамі будзе развівацца замяшчэнне імпартных лекаў беларускімі", - сказаў Дзмітрый Пятровіч. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ала Даўгалікова, у 2014 годзе доля айчынных лекаў на фармрынку краіны павінна павялічыцца да 50%, зацверджана праграма "Імпартазамяшчальная фармпрадукцыя". Яна падкрэсліла, што забеспячэнне даступнасці лекаў для насельніцтва - адна са складаючых дзяржаўнай палітыкі.