1 чэрвеня, Лепельскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Тэмп росту валавага рэгіянальнага прадукту Віцебскай вобласці па выніках студзеня-красавіка 2012 года склаў 122,2%. Аб гэтым сёння ўдзельнікам выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, прысвечанага рабоце органаў мясцовага самакіравання Лепельскага раёна па фарміраванні неабходных умоў жыццезабеспячэння сельскага насельніцтва, паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як падкрэсліў губернатар, значную ўдзельную вагу ў валавым рэгіянальным прадукце складаюць паслугі. Іх доля ў ВРП дасягнула 43,7%, у той час як доля прадпрыемства "Нафтан" складае 6,4%. Да 2015 года вобласць мае намер скараціць долю нафтаперапрацоўкі і электраэнергетыкі ў ВРП, аднак не за кошт зніжэння іх аб'ёмаў вытворчасці, а за кошт павелічэння аб'ёмаў вытворчасці ў іншых галінах, у прыватнасці машынабудаванні, а таксама за кошт росту аб'ёмаў паслуг. У рэйтынгу рэгіёнаў Беларусі, які складаецца з 21 пазіцыі, па сямі пунктах Віцебская вобласць з'яўляецца безумоўным лідарам. Чысты прыбытак прадпрыемстваў вобласці з пачатку года перавысіў $200 млн. у эквіваленце, у той час як у 2011 годзе ён ацэньваўся ў $8 млн. Дамагчыся такіх паказчыкаў вобласць змагла ў выніку рэалізацыі комплексу мер па скарачэнні матэрыялаёмістасці, зніжэнні энергазатрат, нарошчванні экспарту, дыверсіфікацыі рынкаў збыту, рэалізацыі рэгіянальных інвестыцыйных і інавацыйных праграм. Так, аб'ёмы экспартных паставак прадпрыемстваў камунальнай уласнасці за студзень-красавік павялічыліся ў шэсць разоў, матэрыялаёмістасць знізілася на 8%. -0-

БЕЛТА