Долар у Беларусі патаннее да канца года
23.11.20100 праглядаў
23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Долар у Беларусі патаннее да канца года. Пра гэта заявіў сёння журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Па нашых прагнозах, больш беларускі рубель да долара ЗША дэвальваваць не будзе. Беларускі рубель будзе ўмацоўвацца", - сказаў Пётр Пракаповіч. Пры гэтым ён растлумачыў, што ў апошні час долар ЗША стаў моцна вагацца. "Долар стаў нестабільнай і непрадказальнай валютай", - адзначыў кіраўнік Нацбанка. Акрамя таго, долар моцна пераацэнены ў адносінах да беларускага рубля.
"Таму ўжо ў канцы 2010 года курс зменшыцца і стане блізкім да Br3000 за $1", - адзначыў Пётр Пракаповіч.
Ён таксама паведаміў, што ў 2011 годзе захаваецца стабільнасць нацыянальнай валюты і да долара ЗША, і да кошыка замежных валют.
У цэлым, па прагнозах Нацбанка, чакаецца, што ваганні курса беларускага рубля да кошыка замежных валют у будучым годзе будуць знаходзіцца ў межах +/- 3-5%. Нагадаем, што ў адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год захаваецца рэжым прывязкі абменнага курса беларускага рубля да кошту кошыка замежных валют у межах калідора +/- 8% ад цэнтральнага значэння, роўнага кошту кошыка, які склаўся да пачатку 2011 года. На бягучы год гэты паказчык запланаваны ў межах +/-10%.
Разам з тым у гэтым годзе ваганні беларускага рубля да кошыка замежных валют былі ў межах ад умацавання на 1% да патаннення на 4%. На 1 лістапада 2010 года кошт кошыка інвалют склаўся ў суме Br1074,2.
"Тая дынаміка курса, якая склалася на працягу бягучага года, будзе захавана і да канца года. То бок значных адхіленняў не чакаецца", - сказаў Пётр Пракаповіч і растлумачыў, што калідор ваганняў курса беларускага рубля да кошыка замежных валют да канца года складзе +/- 3-4%.
Пры гэтым кіраўнік Нацбанка адзначыў, што ў 2011 годзе сітуацыі, якая была 2 студзеня 2009 года, не паўторыцца. "2 студзеня сышло ў гісторыю. Мы яго ўжо перажылі. Больш такіх выпадкаў не будзе", - сказаў ён. Пётр Пракаповіч растлумачыў, што праведзеная разавая дэвальвацыя была абумоўлена патрабаваннямі МВФ. "Сёння сітуацыя зусім іншая. Няма неабходнасці ісці на такія крокі. Няма абавязацельстваў перад МВФ, няма неабходнасці звяртацца да МВФ за падтрымкай, у нас дастаткова сваіх рэсурсаў", - адзначыў старшыня праўлення Нацбанка, але пры гэтым дадаў, што ў цэлым пагадненне з МВФ для Беларусі было паспяховым. Акрамя таго, сёння зусім іншая сітуацыя склалася і ў свеце. "Мы можам праводзіць запазычанні на замежных рынках", - сказаў Пётр Пракаповіч.
Па словах кіраўніка Нацбанка, стабільнасць нацыянальнай валюты пацвярджаецца і ростам золатавалютных рэзерваў краіны. На 1 лістапада 2010 года міжнародныя рэзервовыя актывы ў нацыянальным вызначэнні склалі $6365 млн. - гэта амаль на $400 млн. больш, чым на пачатак года.-0-
БЕЛТА