9 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за Br300 млрд. плануецца дадаткова накіраваць у 2012 годзе з мясцовых бюджэтаў на завяршэнне будаўніцтва, рэканструкцыю і ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў аховы здароўя Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач. У цяперашні час раённыя ўлады завяршаюць працу над пералікам аб'ектаў, якія будуць прыведзены ў парадак за гэтыя сродкі. Праектна-каштарысная дакументацыя гатовая ўжо на рэканструкцыю і будаўніцтва 80 устаноў аховы здароўя, сярод якіх Віцебская абласная бальніца, абласная інфекцыйная бальніца, абласны анкалагічны дыспансер, завяршэнне даўгабудаў - цэнтральных раённых бальніц у Міёрах і Шаркаўшчыне. Канчатковы пералік аб'ектаў, сумы, накіраваныя на іх удасканаленне, тэрміны ўводу ў эксплуатацыю будуць прадстаўлены шырокай грамадскасці, запэўніў Юрый Дзеркач. Як падкрэсліў суразмоўца, на першае месца ўсіх работ пастаўлена мэта - мінімізаваць затраты. Напрыклад, рэканструкцыя бальніцы ім. Семашкі ў Оршы дазволіць аб'яднаць у адзін комплекс разнесеныя па розных раёнах горада корпусы ўстановы. Толькі за кошт цэнтралізацыі бальніцы ўкладзеныя сродкі акупяцца за пяць гадоў. Знайсці дадатковыя сродкі стала магчымым дзякуючы эфектыўнай працы рэальнага сектара эканомікі вобласці, папаўнення бюджэту экспартам турыстычных паслуг, у тым ліку медыцынскім турызмам. Толькі з пачатку года ўстановы аховы здароўя вобласці зарабілі на гэтым Br2,3 млрд. Па словах Юрыя Дзеркача, праектам кансалідаванага бюджэту вобласці на 2012 год запланавана накіраваць на патрэбы аховы здароўя Br1,8 трлн. З улікам дадатковых інвестыцый гэтая сума перавысіць Вr2 трлн.-0-

БЕЛТА