8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дадатковы нумар тэлефона МНС 112 запрацуе ў Беларусі з 1 ліпеня. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталь Навіцкі.
Нумар будзе даступны з мабільных тэлефонаў усіх аператараў у краіне, а таксама са стацыянарных тэлефонаў. "Па ім будзе даступная адзіная дыспетчарская служба МНС, як цяпер па тэлефоне 101", - адзначыў Віталь Навіцкі. Пры гэтым астатнія нумары экстранных службаў (101, 102, 103, 104) захаваюцца.
Цяпер завяршаюцца ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы для працы новага кароткага нумара.
"З пункту гледжання МНС, яшчэ адзін нумар для выкліку дапамогі - гэта несумненная карысць. Чым больш такіх нумароў - тым больш людзей змогуць аператыўна да нас датэлефанавацца. Карысць заключаецца яшчэ і ў тым, што кароткі нумар 112 выкарыстоўваецца для выкліку экстраннай дапамогі па ўсёй Еўропе, ён убіты ва ўсе мабільныя апараты і турысты, якія прыбылі ў Беларусь, таксама змогуць лёгка звязацца з МНС у выпадку неабходнасці. Асабліва актуальна гэта з прычыны надыходзячага чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе праз год у Мінску", - распавёў прэс-сакратар МНС.-0-