3 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Плануецца, што ў Віцебскай вобласці ў 2012 годзе дашкольную адукацыю будуць атрымліваць 65% дзяцей у сельскай мясцовасці. Пра гэта паведаміў сёння на выніковай калегіі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама яго начальнік Іван Шчурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У Віцебскай вобласці дашкольная адукацыя даступна для ўсіх катэгорый насельніцтва. Дашкольныя ўстановы наведваюць 79% малых ва ўзросце ад аднаго года да шасці гадоў. Пры гэтым 86% дашкольнікаў наведваюць гарадскія дзіцячыя сады. У сельскай мясцовасці гэты паказчык вырас у 2011 годзе на 2 працэнтныя пункты да 55%. Высокіх вынікаў тут дабіліся Полацкі (83,5%), Шумілінскі (81%), Верхнядзвінскі (79%) раёны. Менш за ўсё дзяцей атрымліваюць дашкольную адукацыю ў Чашніцкім раёне - 38%. Недастатковая ўвага надаецца гэтаму пытанню таксама ў Сенненскім, Браслаўскім, Пастаўскім, Ушацкім і Дубровенскім раёнах. У рэгіёне выконваюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў сферы дашкольнай адукацыі. Так, забяспечанасць дзяцей месцамі ў дашкольных установах на 1 студзеня гэтага года склала 99% пры рэспубліканскім паказчыку 85%, усе дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту забяспечаны падрыхтоўкай да школы. Акрамя таго, у адпаведнасці з запытамі бацькоў развіваюцца новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі: функцыянуюць 254 групы, якія наведваюць 2,1 тыс. малых у рэжыме кароткачасовага знаходжання. Запатрабаваны дадатковыя адукацыйныя паслугі на платнай аснове. У вобласці з гэтай мэтай дзейнічае больш за 1,7 тыс. гурткоў і студый, у якіх займаюцца звыш 24 тыс. выхаванцаў. У той жа час начальнік упраўлення адукацыі адзначыў шэраг праблем, якія патрабуюць пільнай увагі. У прыватнасці, вельмі неабходная замена зношанага і састарэлага абсталявання, абнаўленне гульнявой базы. Неабходна павысіць кваліфікацыю кадравага складу дашкольных устаноў: з ліку выхавальнікаў з вышэйшай адукацыяй толькі 13% маюць вышэйшую дашкольную адукацыю, педагагічныя работнікі не ў належнай меры забяспечаны метадычнымі дапаможнікамі. У дашкольных установах вобласці не запоўнены 70 вакансій педработнікаў, пры гэтым найбольшая колькасць - у Віцебску. Таксама неабходна актывізаваць развіццё эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ў дашкольных установах. У Віцебскай вобласці функцыянуе 655 устаноў дашкольнай адукацыі, у якіх выхоўваюцца 47,1 тыс. дзяцей ва ўзросце ад года да 7 гадоў.-0-