17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў Беларусі пройдзе з 18 па 22 сакавіка ўключна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Датэрміновае галасаванне пройдзе на ўсіх участках, акрамя тых, што ўтвораны ў воінскіх часцях, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах. Мікалай Лазавік удакладніў, што датэрміновае галасаванне будзе праходзіць толькі ў памяшканні ўчастка, выязджаць на дом са скрыняй для галасавання члены камісій не будуць.

Сакратар ЦВК падкрэсліў, што прагаласаваць датэрмінова зможа любы ахвотны выбаршчык, тлумачыць прычыны, па якіх у яго няма магчымасці выканаць свой грамадзянскі абавязак у асноўны дзень, 23 сакавіка, не трэба. Дастаткова прыйсці на выбарчы ўчастак з пашпартам, пасведчаннем кіроўцы, ваенным білетам (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), пенсійным пасведчаннем (пры наяўнасці ў ім фотаздымка), службовым пасведчаннем дзяржаўнага служачага, студэнцкім білетам. Грамадзянін, які страціў пашпарт, атрымае бюлетэнь для галасавання па даведцы органаў унутраных спраў. Удзельнічаць у галасаванні на мясцовых выбарах у Беларусі могуць таксама грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць у краіне, ім трэба мець пры сабе від на жыхарства.

Выбарчыя ўчасткі будуць адкрыты з невялікімі перапынкамі з 10.00 да 14.00 і пасля перапынку з 16.00 да 19.00.

Цяпер у Беларусі ідзе перадвыбарчая агітацыя, яна працягнецца да 22 сакавіка ўключна. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў зарэгістравана больш за 22 тыс. чалавек.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)