Дагаласаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў стартуе сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Дагаласаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў стартуе сёння ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Аддаць свой голас загадзя можна з 6 па 10 верасня з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Гэта могуць зрабіць выбаршчыкі, якія ў асноўны дзень выбараў не могуць знаходзіцца па месцы жыхарства. Пры гэтым афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрабуецца.
Дагаласаванне праводзіцца толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі ў прысутнасці не менш як двух яе членаў. Яно не праводзіцца па месцы жыхарства выбаршчыка і на ўчастках для галасавання, утвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, для грамадзян, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, а таксама якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях.
Выбаршчык, атрымаўшы на ўчастку бюлетэнь, распісваецца і пазначае дату дагаласавання. Галасаванне за іншых грамадзян пры наяўнасці ад іх даверанасці не дапускаецца, паколькі ў сілу закона кожны павінен аддаць свой голас асабіста.
Бюлетэнь выдаецца пры прад'яўленні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншых дакументаў. Да іх аднесены службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, студэнцкі білет, пасведчанне кіроўцы, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), пенсійнае пасведчанне (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), а таксама пасведчанне аб інваліднасці.
У тым ліку прагаласаваць датэрмінова (па мясцовым часе) могуць беларускія грамадзяне, якія знаходзяцца за межамі краіны.
Бюлетэнь запаўняецца галасуючым у кабіне або пакоі для таемнага галасавання. Неабходна паставіць у бюлетэні любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад прозвішча таго кандыдата, за якога ён галасуе. Пры галасаванні супраць усіх кандыдатаў варта паставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад радкі "Супраць усіх кандыдатаў".
Калі ж у бюлетэнь унесена прозвішча толькі аднаго прэтэндэнта на парламенцкі пост, то выбаршчык ставіць любы знак у квадраце пад словам "за" або ў квадраце пад словам "супраць".