18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання пачынаецца сёння, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. На працягу пяці дзён, гэта значыць да 22 верасня ўключна, выбаршчыкі, якія жадаюць прагаласаваць датэрмінова, змогуць наведаць свае выбарчыя ўчасткі з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін. Афіцыйнага тлумачэння, чаму грамадзянін мае намер галасаваць датэрмінова, не патрабуецца. Датэрміновае галасаванне праходзіць у прысутнасці не менш як двух членаў участковай камісіі. Для таго каб атрымаць бюлетэнь, выбаршчыку неабходна прад'явіць пашпарт альбо пасведчанне кіроўцы. Ваеннаслужачым тэрміновай службы бюлетэнь можа быць выдадзены па ваенным білеце, дзяржслужачым - па службовым пасведчанні дзяржаўнага служачага. Акрамя таго, у пералік дакументаў, на падставе якіх выдаецца бюлетэнь, ЦВК уключыла пенсійнае пасведчанне і студэнцкі білет пры наяўнасці ў іх фатаграфіі, а таксама даведку органаў унутраных спраў, якую могуць прад'явіць грамадзяне, што страцілі пашпарт. Галасуючы адзін запаўняе бюлетэнь у кабіне або пакоі для таемнага галасавання. Пры гэтым ён павінен паставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад прозвішча таго кандыдата, за якога мае намер прагаласаваць. Калі выбаршчык галасуе супраць усіх, то ставіць любы знак у пустым квадраце справа ад радкі "Супраць усіх кандыдатаў". У безальтэрнатыўных акругах выбаршчык галасуе альбо "за", альбо "супраць" аднаго кандыдата. Для гэтага неабходна паставіць любы знак у адпаведным квадраце. Выбаршчык, які не можа самастойна запоўніць бюлетэнь, мае права запрасіць у кабіну або пакой для таемнага галасавання іншую асобу па сваім меркаванні, акрамя членаў выбарчых камісій, кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асоб. Калі выбаршчык лічыць, што сапсаваў бюлетэнь, то ён мае права ўзяць новы, звярнуўшыся пры гэтым да члена ўчастковай камісіі, які выдаў папярэдні. Датэрміновае галасаванне ў Беларусі пройдзе на 6 037 участках, адкрытых па месцы жыхарства выбаршчыкаў, а таксама на 39 участках, утвораных у воінскіх часцях, і на 43 замежных. На 268 участках, утвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах, датэрміновае галасаванне праводзіцца не будзе. Там аддаць свой голас за каго-небудзь з кандыдатаў або супраць усіх можна будзе толькі ў дзень выбараў - 23 верасня 2012 года.-0-