13 снежня, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Беларусі пачынаецца 14 снежня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. У 10.00 па ўсёй Беларусі і за яе межамі адкрыюцца больш за 6 тыс. участкаў для галасавання. У дні датэрміновага галасавання яны будуць працаваць да 19.00 з перапынкам з 14.00 да 16.00. Аддаць свой голас у падтрымку аднаго з 10 кандыдатаў змогуць усе, хто па тых ці іншых прычынах не будзе мець магчымасці прыйсці на выбарчыя ўчасткі 19 снежня. Для атрымання бюлетэня выбаршчыкі павінны прадаставіць пашпарт. Яго можа замяніць ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовае пасведчанне дзяржслужачага, пенсійнае пасведчанне або студэнцкі білет (калі ў іх ёсць фотаздымак), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), калі іх прад'яўнік значыцца ў спісах выбаршчыкаў на дадзеным участку. Той, каго па якой-небудзь прычыне няма ў спісах, будзе ўключаны ў іх дадаткова на падставе дакументаў, што сведчаць асобу і пацвярджаюць пастаяннае або часовае пражыванне на дадзеным выбарчым участку. Датэрміновае галасаванне па-за памяшканнямі ўчастковай камісіі, у тым ліку па месцы жыхарства, - не дапускаецца. Галасаванне на даму можа быць арганізавана па заяве выбаршчыкаў толькі непасрэдна ў дзень выбараў - 19 снежня. Няма магчымасці прагаласаваць датэрмінова таксама і на ўчастках, утвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах. У ЦВК нагадалі, што выбаршчыкі самастойна запаўняюць бюлетэнь. Калі яны па стане здароўя не могуць гэтага зрабіць, то маюць права даручыць гэта іншай асобе, акрамя членаў выбаркамаў, кандыдатаў у Прэзідэнты, іх давераных асоб, назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ. Падчас цяперашняй выбарчай кампаніі будуць прыняты дадатковыя меры для забеспячэння празрыстасці і адкрытасці датэрміновага галасавання. Так, у першы дзень датэрміновага галасавання скрыні будуць правераны і апячатаны старшынёй камісіі ў прысутнасці не менш за дзве траціны складу камісіі.