19 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Даходы бюджэту Віцебскай вобласці ад выкарыстання дзяржмаёмасці па выніках студзеня-лістапада 2012 года ўзрослі ўдвая ў параўнанні з паказчыкамі мінулага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фінансаў Віцебскага аблвыканкама. Даходы бюджэту ў выглядзе часткі прыбытку ўнітарных прадпрыемстваў і дывідэндаў гаспадарчых таварыстваў, арэнднай платы ад здачы маёмасці ў арэнду, паступленняў ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, рэалізацыі дзяржмаёмасці за студзень-лістапад 2012 года склалі Br220 млрд. Як адзначылі ў фінупраўленні, праца ўсіх суб'ектаў гаспадарання, органаў улады, накіраваная на рост валавога рэгіянальнага прадукту, павышэнне аплаты працы, стабілізацыю фінансава-эканамічнага становішча, дазволіла мабілізаваць паступленні даходаў ва ўсе ўзроўні бюджэтаў. За 11 месяцаў у мясцовыя бюджэты вобласці паступіла звыш Br6 трлн. падатковых і непадатковых плацяжоў. Да мінулага года даходы ўзрослі ў 2,2 раза. Больш за 80% усіх даходаў забяспечана за кошт падаходнага падатку з фізічных асоб, падаткаў на прыбытак, на дададзеную вартасць і на ўласнасць. Ад размяшчэння на рахунках банкаў часова свабодных бюджэтных сродкаў у бягучым годзе атрымана працэнтаў на Br182 млрд. Па папярэдніх даных, у мясцовыя бюджэты ў 2012 годзе паступіць Br6,7 трлн. падатковых і непадатковых плацяжоў, што вышэй за першапачаткова зацверджаны план на Br1,7 трлн. Звышпланавыя даходы ў першую чаргу накіроўваюцца на фінансаванне сацыяльна значных выдаткаў - заработную плату работнікам бюджэтных арганізацый, трансферты насельніцтву, харчаванне, медыкаменты, камунальныя плацяжы, а таксама на будаўніцтва і рэканструкцыю малочна-таварных ферм, субсідаванне работ і паслуг.-0-

БЕЛТА