29 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці да канца 2011 года можа перавысіць па даходах першапачаткова зацверджаны план больш чым на Br700 млрд. і, як чакаецца, з улікам бязвыплатных паступленняў з рэспубліканскага бюджэту складзе Br5,4 трлн., паведаміў сёння на пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў начальнік фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Барыс Кічаноўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Станоўчая дынаміка выканання большасці параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці дазволіла мабілізаваць паступленні даходаў у бюджэты ўсіх узроўняў. За дзесяць месяцаў бягучага года ў мясцовыя бюджэты вобласці паступіла Br2,4 трлн. уласных даходаў. Рост плацяжоў у бюджэт у адносінах да 2010 года склаў 145%. Усяго за 2011 год чакаецца атрымаць больш Br2,9 трлн. падатковых і непадатковых плацяжоў, што вышэй за першапачаткова зацверджаны план на Br722 млрд. Асноўную долю даходаў складуць падатак на дабаўленую вартасць, падаходны падатак з фізічных асоб, падатак на прыбытак і падаткі на ўласнасць. Рост даходаў кансалідаванага бюджэту забяспечаны дзякуючы мабілізацыі падатковых і непадатковых плацяжоў, а таксама дзякуючы створанаму ў працэсе выканання бюджэту вобласці фінансаваму рэзерву, які ўтварыўся за кошт змяншэння на 30% выдаткаў непершачарговага і капітальнага характару.
Сацыяльныя і першачарговыя расходы абласнога бюджэту ў бягучым годзе павялічаны на Вr75,7 млрд. Гэтыя сродкі плануецца накіраваць на выплату заработнай платы работнікам бюджэтнай сферы, лекі, камунальныя паслугі, субсідаванне прыгарадных пасажырскіх перавозак, транспартных паслуг, лізінгавыя плацяжы і інш.
Як падкрэсліў Барыс Кічаноўскі, бюджэт вобласці захавае сацыяльную накіраванасць: каля 60% сродкаў будзе накіравана на сацыяльна-культурную сферу і сацыяльную палітыку.-0-
БЕЛТА
Даходы кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці 2011 года перавысяць запланаваныя больш чым на Br700 млрд.
29.11.20110 праглядаў