15 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дажджы прыпынілі ўборку збожжавых у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. З-за неспрыяльных умоў надвор'я за 14 жніўня ў рэгіёне было ўбрана ўсяго 2 тыс.га плошчаў, намалочана 6,3 тыс.т збожжа. Дождж практычна паралізаваў працу механізатараў у Глыбоцкім, Мёрскім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім, Ушацкім, Браслаўскім раёнах. Лавілі кожнае прыдатнае акно працаўнікі вёскі ў іншых рэгіёнах вобласці. У выніку па стане на 15 жніўня ў Віцебскай вобласці ўбрана 62,4% плошчаў збожжавых і зернебабовых, або 304,7 тыс.га. Намалот збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 32 ц/га склаў 976,4 тыс.т. Па прагнозах Віцебскаблгідрамета, другая палова бягучага тыдня ў Віцебскай вобласці характарызуецца воблачным з праясненнямі надвор'ем. Кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы, пройдуць на большай частцы тэрыторыі рэгіёну. Дзённая тэмпература паветра складзе 17-22 градусы цяпла, ноччу яна будзе апускацца да 10-15 градусаў. Змену характару надвор'я сіноптыкі чакаюць на наступным тыдні.-0-

БЕЛТА