17 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Галоўны дзень урачыстасцей з нагоды 1150-годдзя Полацка стане ў горадзе выхадным. Рэкамендацыйнае рашэнне аб гэтым прынята на пазачарговай сесіі Полацкага гарсавета, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме. На пазачарговай сесіі дэпутаты прынялі рашэнне рэкамендаваць арганізацыям горада ажыццявіць перанос працоўнага дня з пятніцы 25 мая на іншы выхадны дзень, які прыпадае на суботу. Дадатковы выхадны дасць магчымасць гараджанам у поўнай меры акунуцца ў атмасферу святочных мерапрыемстваў, галоўныя з якіх намечаны на 25 мая. У гэты дзень старажытны горад будзе ўшаноўваць сваіх лепшых жыхароў, назаве імёны ганаровых грамадзян. Харэаграфічны ансамбль "Харошкі" выступіць з канцэртам на галоўнай гарадской плошчы і такім чынам дасць старт канцэртна-танцавальнаму марафону, які пройдзе тут да ранняй раніцы наступнага дня. На працягу ўсяго дня па горадзе будуць працаваць шэсць тэматычных канцэртна-забаўляльных пляцовак, дзе кожны незалежна ад узросту знойдзе сабе занятак па душы. Акрамя таго, у горадзе пройдуць дэфіле духавых аркестраў, прэзентацыя кнігі Б.Косціна "Уладзімір і Рагнеда", спектакль "Рагнеда" ў пастаноўцы заслужанага аматарскага калектыву Беларусі тэатра "Пілігрым". Шматлікія госці свята не застануцца без сувеніраў, а прадаваць іх будуць народныя ўмельцы на гандлёва-рамесным падворку "Полацкі гандлёвы пасад" і на кірмашы рамёстваў "Крывіцкія кірмаш". Урачыстасці ў Полацку працягнуцца да 5 чэрвеня.-0-

БЕЛТА