15 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Кампазітар, спявак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Грузіі Джэмал Сепіяшвілі лічыць міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2012" самым яркім мерапрыемствам "Славянскага базару ў Віцебску". Такое меркаванне ён выказаў сёння карэспандэнту БЕЛТА на цырымоніі жараб'ёўкі юных конкурсантаў, якая адбылася ў комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі. "Я хачу прызнацца ў любові да "Славянскага базару", ён цэніцца тым, што становіцца з кожным годам усё лепш. Я не ў першы раз удзельнічаю ў форуме і лічу, што гэта вельмі выдатна, гэта вельмі прыгожа і весела. І дзіцячы конкурс - адна з самых яркіх і цікавых падзей на фестывалі", - сказаў Джэмал Сепіяшвілі. Ён адзначыў: "Ацэньваць выступленні юных талентаў няцяжка. Для гэтага трэба любіць дзяцей і ўмець станавіцца на тры-чатыры хвіліны дзіцем, каб падумаць, як у цябе выйшла б выступленне ў 9-10 гадоў". Дзякуючы сваім тром унукам, малодшаму з якіх толькі сем гадоў, грузінскаму кампазітару гэта цалкам удаецца. Маленькім удзельнікам конкурсу старшыня журы пажадаў, у першую чаргу, здароўя і поспеху. "Я лічу, што конкурс - гэта адна з самых неаб'ектыўных падзей у жыцці юных выканаўцаў. Дзіця можа не ў час кашлянуць, не раскрыцца з-за хвалявання, сваю ролю можа адыграць усё, што заўгодна, таму не варта занадта сур'ёзна ставіцца да гэтага", - дадаў Джэмал Сепіяшвілі.-0-

БЕЛТА