Сорак сем лепельчан прынялі ўдзел у сталічных урачыстасцях, прысвечаных 1025-годдзю Хрышчэння Русі. Лепельскі аўтобус апошнім прымкнуў да калоны з 25 аўтобусаў Віцебскай епархіі.

Праваслаўная святыня

Сорак сем лепельчан прынялі ўдзел у сталічных урачыстасцях, прысвечаных 1025-годдзю Хрышчэння Русі. Лепельскі аўтобус апошнім прымкнуў да калоны з 25 аўтобусаў Віцебскай епархіі. Ужо ў Мінску паломнікі далучыліся да агульнай калоны, якая ўключыла прадстаўнікоў 11 беларускіх епархій. Прайшоўшы хросным ходам ад мінскага Свята-Марыі-Магдалінінскага храма да Замчышча, усе сабраліся каля імправізаванай сцэны на боскай літургіі. Пасля яе Свяцейшы Патрыярх Кірыл урачыста заклаў капсулу з памятнай граматай у гонар 1025-годдзя Хрышчэння Русі ў падмурак найстаражытнейшага мінскага храма.

Трыццаць лепельскіх паломнікаў змаглі прыкласціся да крыжа апостала Андрэя Первозваннага, прывезенага ў мінскі храм-помнік у гонар Усіх Святых. Паводле падання, на гэтым крыжы святы прыняў пакутніцкую смерць. У Беларусь святыня прыбыла ў суправаджэнні дэлегацыі Эладскай Царквы (Грэцыя) у складзе мітрапаліта Патрскага Хрызастома і клірыкаў Патрскай мітраполіі.

Пад покрывам Божай Маці

Традыцыйным хросным ходам у дзень ушанавання абраза Божай Маці «Казанская» прайшлі вернікі вакол Лепеля. Ад царквы ў гонар Параскевы Пятніцы ў шлях адправілася 50 чалавек. Узначаліў хросны ход іерэй Іаан Вабішчэвіч. У храмах былі адслужаны малебны, на могілках – заупакойныя ліціі. Усе дваццаць кіламетраў прайшлі трыццаць чалавек. Завяршыўся хросны ход у храме Нараджэння Хрыстовага. Папрасіць заступніцтва Багародзіцы ў малітвах пад адкрытым небам лепельчане сабраліся ўжо трэці раз.