22 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Два чалавекі загінулі на пажары ў Полацкім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Пажар у вёсцы Мацюшы адбыўся позна ўночы ў шчытавым доме, абліцаваным цэглай, дзе пражывала маці і яе дарослы сын. Да прыбыцця дзяжурнага караула на месца здарэння дом быў цалкам ахоплены агнём, а праз некалькі хвілін дах абрынуўся. Ратаваць жыхароў было немагчыма. Іх трупы былі знойдзены пазней пад абрынутымі канструкцыямі. Мяркуемай прычынай узгарання стала неасцярожнасць пры паленні сына гаспадыні, які знаходзіўся ў нецвярозым стане. Па аналагічнай прычыне ледзь не загінула гэтай ноччу і сямейная пара з Пастаўскага раёна. Пасля ўжывання спіртных напояў мужчына заснуў з запаленай цыгарэтай на канапе на верандзе дома, а прачнуўся ад таго, што загарэлася адзенне на ім. Да прыезду ратавальнікаў назіралася гарэнне драўлянай веранды і моцнае задымленне ўсяго дома, пакінуць які самастойна жыхары ўжо не маглі. Выратаваныя супрацоўнікамі МНС муж і жонка атрымалі атручэнне прадуктамі гарэння, а сам гаспадар яшчэ і апёкі рук і твару на плошчы 5% цела. Для аказання дапамогі яны былі дастаўлены ў бальніцу. Усяго з 16 па 22 верасня падраздзяленні МНС Віцебскай вобласці здзейснілі 126 выездаў, з іх 19 - на тушэнне пажараў і 107 - для аказання дапамогі арганізацыям і насельніцтву.-0-

БЕЛТА