19 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу плануецца адкрыць у Віцебскай вобласці да канца года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў. Дамы сямейнага тыпу адкрыюцца ў Шуміліне і Чашніках. Аб'екты ўзводзяцца па аднатыпным праекце ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы "Дзеці Беларусі". Кожны з іх разлічаны на пражыванне сям'і, якая выхоўвае да 10 дзяцей. Усяго, пачынаючы з 2006 года, па дзяржпраграме "Дзеці Беларусі" ў Віцебскай вобласці пабудавана 15 дамоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот, у Віцебскім, Верхнядзвінскім, Мёрскім, Глыбоцкім, Докшыцкім, Аршанскім, Лепельскім раёнах, Оршы і Гарадку. Сваю сям'ю ў іх знайшлі 112 дзяцей. "У вобласці праводзіцца мэтанакіраваная і планамерная работа па пераводзе дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейныя формы прыладкавання. Наша асноўная задача - знайсці для кожнага такога дзіцяці сям'ю", - падкрэсліў Леанід Сцяпанаў. Па апошніх даных, у Віцебскай вобласці пражывае 208 тыс. дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Каля 4,5 тыс. дзяцей складаюць дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з іх 2,6 тыс. дзяцей выхоўваюцца ў замяшчальных сем'ях. Усыноўлены з пачатку года 79 дзяцей.-0-

БЕЛТА