15 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Два замежнікі мелі намер незаконна праз Беларусь трапіць у ЕС, каб бясплатна лячыцца ад гепатыту С. Нелегалаў затрымалі вайскоўцы Полацкага пагранатрада ў Браслаўскім раёне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага пагранатрада Дзяніс Глебко. У непасрэднай блізкасці ад дзяржаўнай мяжы 14 жніўня пагранічнікі затрымалі двух маладых людзей, абодвум няма яшчэ і 30-і гадоў, выхадцаў з Каўказскага рэгіёну - грамадзян адной з суседніх з Беларуссю краін, якія мелі намер парушыць дзяржмяжу з Беларусі ў Латвію. Па іх словах, у Еўрасаюзе яны хацелі ўладкавацца на працу і атрымаць бясплатную медыцынскую дапамогу. У абодвух мужчын быў гепатыт С, і яны выдатна ведалі, што затрыманым нелегальным мігрантам у краінах Еўрасаюза аказваецца медыцынская дапамога. У Мінск няўдалыя нелегалы прыляцелі на самалёце, затым на таксі дабраліся да Браслаўскага раёна. Пры сабе яны мелі заплечнікі з камплектам бялізны, а таксама картай аўтамабільных дарог. Цяпер абодва парушальнікі дэпартаваныя. Кожны з іх заплаціў штраф у памеры Br700 тыс. за парушэнне дзяржаўнай мяжы.-0-

БЕЛТА