Два інвестпраекты ў сферы электраэнергетыкі плануецца рэалізаваць у Віцебскай вобласці
13.11.20120 праглядаў
13 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Два інвестпраекты ў сферы электраэнергетыкі плануецца рэалізаваць у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў РУП "Віцебскэнерга".
Найбольш маштабны інвестыцыйны праект звязаны з будаўніцтвам ветрапарка ў Лёзненскім раёне. Плануецца, што сумарная ўстаноўленая магутнасць ветрава установак дасягне каля 60 МВт. Кошт праекта складае больш за $154 млн., у тым ліку капітальныя затраты - $35 млн.
Перспектыўнае месца для выкарыстання энергіі ветру ў Лёзненскім раёне знаходзіцца каля вёскі Гаршэва. Кантракт на правядзенне неабходных даследаванняў заключаны РУП "Віцебскэнерга" з Белгідраметам. З гэтай мэтай ужо змантавана 70-метровая мачта, увесці ў эксплуатацыю якую плануецца ў гэтым месяцы. Затым на працягу года з яе выкарыстаннем будуць вызначацца ветравыя нагрузкі і праводзіцца іншыя вымярэнні.
Яшчэ адзін праект намечана рэалізаваць на рацэ Дняпро ў Аршанскім раёне, дзе плануецца пабудаваць гідраэлектрастанцыю ўстаноўленай магутнасцю 5,65 МВт. Неабходны аб'ём інвестыцый складае каля $24 млн.
Ініцыятарам праектаў выступае РУП "Віцебскэнерга", якое з часам стане і асноўным спажыўцом электраэнергіі, што будзе выпрацоўвацца.
Прапановы па рэалізацыі гэтых, а таксама яшчэ трох інвестпраектаў Віцебская вобласць прадставіць інвестарам на Беларускім інвестыцыйным форуме. Агульны аб'ём інвестыцый заяўленых ад рэгіёна праектаў складае каля $300 млн.
Беларускі інвестыцыйны форум пройдзе ў Мінску 15-16 лістапада з удзелам прадстаўнікоў замежнага бізнесу, фінансавых інстытутаў, міжнародных арганізацый, якім будзе прадастаўлена поўная і дакладная інфармацыя аб інвестыцыйным патэнцыяле краіны, у тым ліку аб магчымасцях, што адкрываюцца ў сувязі з фарміраваннем 170-мільённага агульнага рынку Адзінай эканамічнай прасторы. Таксама будуць прапанаваны на разгляд буйныя інвестпраекты.-0-
БелТА