17 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Два выдавецкія праекты плануе рэалізаваць у Год кнігі Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі - начальнік аддзела па архівах і справаводстве Віцебскага аблвыканкама Сяргей Рублеўскі.
Завяршаецца падрыхтоўка да друку зборніка "Віцебская губерня. 1917-1924 гг. Дакументы і матэрыялы", які ўключае шырокі пералік найбольш значных матэрыялаў, што датычацца ўсіх галін народнай гаспадаркі і сфер жыцця грамадства, гісторыі Беларускага генерал-губернатарства з цэнтрам у Віцебску, станаўлення савецкай улады апошняга перыяду існавання дадзенай адміністрацыйнай адзінкі. Плануецца, што выданне будзе выпушчана да канца гэтага года.
Яшчэ адзін важны праект, разлічаны на больш шырокае кола чытачоў, які, несумненна, прыцягне сур'ёзную цікавасць у першую чаргу жыхароў Віцебска і даследчыкаў горада, - гэта "План горада Віцебска 1904 года". Выданне дазволіць параўнаць сучасны выгляд горада з яго гістарычным планам. У кнігу ўключаны спіс усіх вуліц, адлюстраваных на карце 1904 года зямлемера Маісеева, прыводзяцца іх сучасныя назвы, адзначаны тыя, што не змянілі сваю трасіроўку. "Чытачам будзе цікава даведацца, напрыклад, што больш за 30 вуліц абласнога цэнтра захавалі свае гістарычныя назвы. Сярод найбольш вядомых - Віцебская, вуліца Талстога, Замкавая, Лінія 1, Пакроўская, Суворава", - адзначыў Сяргей Рублеўскі.
Кніга таксама будзе ўключаць нарыс дырэктара музея Марка Шагала Людмілы Хмяльніцкай, карціны Напалеона Орды, Дабужынскага, рэдкія гістарычныя фотаздымкі, якія зробяць для любога чытача шпацыр па Віцебску займальным падарожжам у часе. Тыраж выдання складзе 1 тыс. экз. Для яго выхаду ў свет архівісты шукаюць падтрымку спонсараў.
Выдавецкая дзейнасць вядзецца архівістамі Віцебскай вобласці на сістэмнай аснове з 2000 года. За гэты час свет убачылі 8 зборнікаў дакументаў і навукова-папулярных выданняў.-0-
БЕЛТА
Два выдавецкія праекты плануе рэалізаваць у Год кнігі Дзяржархіў Віцебскай вобласці
17.5.20120 праглядаў