30 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі асуджаны двое аршанцаў за разбойны напад на таксіста, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах пракуратуры Віцебскай вобласці Віталь Сузанскі. У верасні 2011 года двое 17-гадовых хлопцаў вырашылі абрабаваць кіроўцу таксі. Ініцыятарам прапановы выступіў ліцэіст, якому раней судзімы за крадзеж таварыш быў вінны 1 тыс. расійскіх рублёў. Менавіта такім чынам - саўдзелам у нападзе - ён і прапанаваў даўжніку разлічыцца. Увечары ў дзень злачынства хлопцы падселі ў адно з таксі, выехалі на ўскраіну горада і спыніліся ў цёмным месцы каля плота калоніі №8. Хлопец, які знаходзіўся на пярэднім сядзенні, пасля прыпынку нанёс удар нажом кіроўцу ў грудзі, але пацярпелы выцягнуў зброю. Разгубіўшыся ад такога павароту падзей і выгляду крыві, малады чалавек запатрабаваў вярнуць нож і аддаць грошы. Кіроўца ў стане шоку выканаў патрабаванні нападнікаў, паказаўшы ім на папку ў бардачку. Забраўшы апошнюю, маладыя людзі зніклі ў адным з бліжэйшых закінутых будынкаў. Сума ўсёй здабычы, падлікам якой яны вырашылі заняцца пазней, склала ўсяго Br13 тыс. Таксіст жа заблакаваў дзверы машыны і паведаміў аб нападзе дыспетчару. Затрымаць аршанцаў, якія хаваліся ад міліцыі ў сваякоў, аператыўнікам удалося на працягу некалькіх сутак. За разбойны напад групай асоб ініцыятар злачынства асуджаны па ч.2. арт.207 КК РБ да 5 гадоў пазбаўлення волі, бо не наносіў фізічнага пашкоджання кіроўцу, а яго паплечнік асуджаны па ч.3 арт. 207 КК РБ на 9 гадоў пазбаўлення волі. Прыгавор уступіў у законную сілу.-0-

БЕЛТА