Два азёры Глыбоцкага раёна заселяць чырвонакніжныя шыракапалыя ракі
5.11.20120 праглядаў
5 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Чырвонакніжны шыракапалы рак масава засяліцца 6 лістапада ў азёры Глыбоцкага раёна, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па сувязях з грамадскасцю праекта ПРААН/ГЭФ "Біяразнастайнасць" Ірына Новак.
Месцам правядзення прыродаахоўнай акцыі "Захаваем шыракапалага рака ў Беларусі" вызначаны азёры Белае і Млічына, куды будзе выпушчана больш за 300 асобін шыракапалага рака.
Дадзеныя вадаёмы былі вызначаны ў ходзе даследавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Глыбоцкага раёна, якое праводзілася па праекце ПРААН/ГЭФ у гэтым годзе. Усяго была вывучана флора і фаўна 36 азёр. Даследаванні паказалі, што на тэрыторыі рэгіёна захавалася толькі адна папуляцыя шыракапалага рака. Асноўнымі прычынамі яго знікнення з'яўляюцца ракавая чума, а таксама змяненне месцапражыванняў у выніку зніжэння ўзроўню паверхневых і грунтавых вод, пагаршэнне якасці вады і г.д.
Акцыя "Захаваем шыракапалага рака ў Беларусі" арганізавана па праекце ПРААН/ГЭФ "Інтэграцыя пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі" ("Біяразнастайнасць"). Нацыянальнае выканаўчае агенцтва праекта - Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
"Дзякуючы таму, што ўжо больш за 30 гадоў шыракапалы рак у Беларусі знаходзіцца пад аховай, у краіне ўдаецца падтрымліваць яго папуляцыю. Аднак для далейшага захавання віду неабходны новыя падыходы. Згодна з праектам ПРААН/ГЭФ "Біяразнастайнасць" будзе апрабавана адно з найбольш перспектыўных рашэнняў па падтрымцы яго папуляцыі - засяленне шыракапалага рака ў патэнцыйныя месцы пражывання", - адзначыла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Наталля Мінчанка.
У сваю чаргу менеджэр праекта ПРААН/ГЭФ "Біяразнастайнасць" Уладзімір Калтуноў падкрэсліў унікальнасць дадзенага мерапрыемства. "Яна заключаецца ў тым, што мы засяляем шыракапалага рака ў так званыя бесстароннія азёры. У выніку новыя папуляцыі будуць у значнай меры абаронены як ад эпідэмій ракавай чумы, так і ад замяшчэння даўгапалым ракам. У далейшым папуляцыі шыракапалага рака Глыбоцкага раёна могуць стаць маткавымі для правядзення маштабных работ па захаванні гэтага віду ў Беларусі", - сказаў ён.
Шыракапалы рак з 1981 года ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (III катэгорыя). Міжнароднай Чырвонай кнігай (IUCN) ён класіфікуецца як пагражальны від. Ахова шыракапалага рака прадугледжана таксама Бернскай канвенцыяй (дадатак II) і Дырэктывамі ЕС па відах і месцах пражывання.
Шыракапалы рак - від дзесяціногіх ракападобных. Насяляе ў рэках і, як правіла, у праточных азёрах. Неабходнай умовай для яго існавання служыць наяўнасць шчыльных грунтаў, прыдатных для будаўніцтва нор. Сілкуецца ён у асноўным воднымі раслінамі, але нярэдкія ў яго рацыёне малюскі, чарвякі, водныя насякомыя і іх лічынкі, загінулыя рыбы, жабы і іх ікра і падобныя "прадукты". Размнажацца ракі здольныя з чацвёртага года жыцця пры даўжыні цела 7-8 см. У лістападзе самкі адкладаюць і прымацоўваюць да брушных канечнасцей каля 200 ікрынак, выношваючы іх на працягу 7-8 месяцаў. Увесь гэты час самка рухамі канечнасцей амывае ікру вадой, ачышчае яе ад глею і паразітаў, але амаль палова ікрынак гіне. Маладыя рачкі памерам да 8 мм з'яўляюцца ў маі-чэрвені. Першае сваё лета яны праводзяць на воднай расліннасці, часам выкарыстоўваюць у якасці сховішчаў пустыя ракавіны малюскаў. Растуць павольна, і да восені іх памеры не перавышаюць 2 см. Максімальная працягласць жыцця шыракапалага рака невядомая, але зрэдку сустракаюцца асобіны даўжынёй 15-20 см і вагой да 200 г, што, верагодна, адпавядае 15-20-гадоваму ўзросту.-0-
БЕЛТА