13 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Два з паловай гадзіны міліцыянеры, супрацоўнікі МНС і егеры сёння ноччу шукалі ў талочынскіх лясах мінчаніна, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні грамадскіх сувязяў і інфармацыі УУС Віцебскага аблвыканкама.
Паведамленне аб заблудлым у лясным масіве каля вёскі Панькавічы Талачынскага раёна паступіла ў дзяжурную частку РАУС сёння ў 3.50 з Мінска. Як аказалася, мужчына 1958 года нараджэння, які спяшаўся на пахаванне маці, спыніўся з цягніка на станцыі Чырвоная Горка і накіраваўся праз лес у вёску Панькавічы, спадзеючыся скараціць дарогу. Аднак знайсці летнія сцежкі ў заснежаным лесе яму не ўдалося. Праблукаўшы каля чатырох гадзін, ён патэлефанаваў жонцы ў Мінск і расказаў, што не можа знайсці дарогу. Жонка звязалася з Талачынскім РАУС. На пошукі заблудлага накіраваліся супрацоўнікі міліцыі з пошукавай сабакам, супрацоўнікі МНС, былі прыцягнуты егеры, працавалі дзве аўтамашыны. Сувязь з мужчынам падтрымлівалася з дапамогай мабільнага тэлефона. На жаль, да гэтага часу ён ужо знясілеў і не мог ні распаліць вогнішча, ні ісці на сігналы машын, якія яму падаваліся. Знайсці яго ў заснежаным лесе ноччу людзям было няпроста - дапамог пошукавы сабака, які выйшаў на след і прывёў да гінучага двух супрацоўнікаў міліцыі. У 06.30 заблудлы быў выяўлены.
Някалькі гадзін спатрэбілася міліцыянерам, каб даставіць мужчыну да найбліжэйшага населенага пункта, куды выклікана брыгада ўрачоў. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Талачынскім РАУС, у цяперашні час выратавальная аперацыя падыходзіць да завяршэння: урачы з хвіліны на хвіліну чакаюць пацярпелага і яго выратавальнікаў, каб аказаць ім неабходную дапамогу.-0-
БЕЛТА
Два з паловай гадзіны шукалі заблукалага ўночы ў талачынскім лесе мінчаніна
13.12.20120 праглядаў