Сістэма атэстацыі за курс сярэдняй школы і паступлення ў ВНУ застаецца без істотных змен: два цэнтралізаваныя экзамены плюс адно выпрабаванне ў выглядзе цэнтралізаванага тэсціравання. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Думаю, што ўрад сёння ў асобе прэм'ер-міністра і віцэ-прэм'ера пачуў тыя пытанні, якія трэба вырашаць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы выпрацавалі адказы на асноўныя пытанні, у тым ліку і па стабільнасці ўсяго адукацыйнага працэсу, каб мы не шарахаліся кожны год з боку ў бок".
"Што тычыцца вынікаў атэстацыі за сярэднюю школу і паступлення ў ВНУ. Два ЦЭ плюс адзін у выглядзе ЦТ - мы пакуль на гэтым спыняемся і даводзім людзям, каб яны ведалі, што на перспектыву мы будзем ісці гэтым шляхам. Для людзей гэта важна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт не выключыў у будучыні якіх-небудзь дадатковых эксперыментаў унутры той сістэмы паступлення, якая цяпер вызначана. Напрыклад, па правядзенні папярэдняй гутаркі або ўнутранага экзамену ў асобных ВНУ.
"Толькі б гэта было на карысць, - абазначыў галоўнае патрабаванне Аляксандр Лукашэнка. - Сачыце, каб не было супярэчнасцей паміж экзаменамі і гутаркай. Калі чалавек прыйшоў, здаў выдатна ўсе экзамены, а вы яго зарэзалі на гутарцы... Тут трэба падыходзіць вельмі акуратна, асцярожна".