26 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Суровае пакаранне пагражае двум жыхарам Браслаўскага раёна за забойства пенсіянера, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова. Раней асуджаны за наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання і крадзеж 20-гадовы жыхар вёскі Суднікі разам са знаёмым аднавяскоўцам 1987 года нараджэння, які таксама мае судзімасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў, з карыслівых мэт забілі нажом 77-гадовага пенсіянера. Здабычай злачынцаў сталі Br600 тыс. і $300. Злачынства было здзейснена ў сараі. У момант драматычных падзей сляпая жонка забітага знаходзілася дома, аднак пачула размову аднавяскоўцаў, якія зарыентаваліся на грошы старых. Пенсіянерка патэлефанавала сваякам, якія і выклікалі міліцыю, а потым яна апазнала злачынцаў па голасе. Падазроныя затрыманы. У іх дачыненні ўзбуджана крымінальная справа па арт.139 ч.2 п.12 і п.15 Крымінальнага кодэкса Беларусі (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека з карыслівых меркаванняў, спалучанае з рабаваннем і здзейсненае групай асоб), пакаранне па якой прадугледжвае да 25 гадоў пазбаўлення волі, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне. Вядзецца следства.-0-

БЕЛТА