13 снежня, Орша /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Урад вывучае пытанне аб стварэнні ў Беларусі дзвюх нацыянальных малочных кампаній, паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.
"Мы ўдумліва ставімся да гэтага пытання, паколькі трэба будзе эфектыўна распарадзіцца тымі магчымасцямі, якія адкрываюцца перад намі з нарошчваннем аб'ёмаў вытворчасці малака, - распавёў кіраўнік урада. - Хутчэй за ўсё, у нас будуць дзве нацыянальныя малочныя кампаніі". Па словах прэм'ер-міністра, яны будуць створаны не на шкоду дзеючым, а для падтрымання канкурэнцыі, эфектыўнай рэалізацыі механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Разглядаецца магчымасць стварэння адной такой кампаніі з удзелам брэсцкіх прадпрыемстваў, іншай - мінскіх. Да праектаў плануецца прыцягнуць, акрамя прадстаўнікоў сыравіннай зоны, арганізацыі перапрацоўчай галіны, а таксама камерцыйныя банкі.
Разам з тым кіраўнік урада звярнуў увагу на тое, што пакуль пытанне аб стварэнні дзвюх нацыянальных малочных кампаній канчаткова не вырашана і знаходзіцца ў прапрацоўцы. "Думаю, што да канца года мы дакладзем канкрэтныя прапановы кіраўніку дзяржавы", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.-0-
БЕЛТА
Дзве нацыянальныя малочныя кампаніі могуць быць створаны ў Беларусі
13.12.20110 праглядаў