29 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дзве спартыўныя пляцоўкі адкрыліся сёння ў Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Віцебску спартыўная пляцоўка знаходзіцца ў жылым мікрараёне па вуліцы Чкалава 32/7. Яна ўдала ўпісана паміж размешчанымі непасрэдна побач гімназіямі №7 і №8. Другая пабудавана ў Гарадку па адрасе Невельская шаша, гарадскі стадыён. Сучасныя спартыўныя аб'екты прызначаны для гульні ў міні-футбол і ўяўляюць сабой палі памерам 20 м на 40 м з штучным пакрыццём, варотамі і агароджай. Доступ на іх - свабодны для кожнага дзіцяці.
Адкрыццё пляцовак праводзіцца ў рамках сацыяльнага праекта СААТ "НТС" "Родная старонка - дзецям", які рэалізуецца кампаніяй у партнёрстве з Беларускай федэрацыяй футбола і мясцовымі органамі ўлады населеных пунктаў, дзе будуюцца пляцоўкі.
Як падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця пляцоўкі ў Віцебску намеснік старшыні Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Алег Чыкун, дадзены праект мае велізарнае сацыяльнае значэнне, бо спрыяе фарміраванню здаровага ладу жыцця ў дзяцей і падлеткаў, а таксама папулярызуе заняткі спортам і футболам у прыватнасці. "У Беларусі развіццю футбола надаецца сур'ёзная ўвага. Спадзяюся, гэта поле стане стартавай пляцоўкай для выхавання нашых зорак у гэтым відзе спорту", - дадаў ён.
У Віцебскай вобласці па дадзеным сацыяльным праекце ўжо адкрыта тры спартыўныя пляцоўкі (першая ўведзена ў строй у чэрвені гэтага года ў Шаркаўшчыне). Усяго ж за бягучы год у 16 населеных пунктах Беларусі адкрыта 17 міні-футбольных палёў. Яшчэ адно ў пачатку лістапада плануецца ўвесці ў строй у Слоніме. У цэлым у адпаведнасці з праектам за пяць гадоў кампанія мае намер пабудаваць у Беларусі 118 такіх спартыўных аб'ектаў.-0-