11 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Два дыпломы атрымалі студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВДТУ) на 16-м міжнародным студэнцкім конкурсе на лепшы дызайн упакоўкі "Завадны апельсін-2011" у Маскве. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дацэнт кафедры дызайну ўніверсітэта Наталля Тарабука.
У актыве віцябчан залаты і два бронзавыя ўзнагароды, работы яшчэ дзевяці конкурсантаў з ВДТУ адзначаны дыпломамі лаўрэата. Сёлета на конкурсе ўсяго было прадстаўлена больш за 200 работ студэнтаў з навучальных устаноў Беларусі, Расіі і Украіны. Пераможцы вызначаліся ў два туры па 6 намінацыях.
Найбольш высокі вынік прадэманстравалі віцябчане ў намінацыі "Упакоўка для парфумерна-касметычнай прадукцыі". Першае месца і "залаты" дыплом з найвышэйшай узнагародай конкурсу - статуэткай "Завадны апельсін" - заваявала Ганна Бурунова з серыяй падарункавых упаковак для дзіцячай касметыкі "Маленькі цуд" (кіраўнік праекта старэйшы выкладчык кафедры дызайну ВДТУ Аляксандра Попава).
Два трэція месцы віцебскім студэнтам прысуджаны ў намінацыях "Упакоўка для напояў" і "Упакоўка для харчовай прадукцыі". Марына Макавецкая прадставіла на конкурс камплект ільняных упаковак для лікёраў "Конік", Уладзімір Крутоў - "Серыю упаковак для ёгурта "Лібена" з арэхамі". Дарэчы, гэтыя дзве работы адзначаны таксама на рэспубліканскім конкурсе "Упакоўка будучыні", які прайшоў у верасні ў Мінску.
Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт удзельнічае ў "Завадным апельсіне" з 1998 года. Гэта дае магчымасць студэнтам праверыць свае сілы і патэнцыял на самым высокім узроўні, атрымаць належную ацэнку прафесіяналаў, а таксама быць у курсе тых тэндэнцый, якія дамінуюць у прафесійным асяроддзі, адзначыла Наталля Тарабука.
Міжнародны студэнцкі конкурс "Завадны апельсін" праводзіцца з 1996 года. За гэты час яго ўдзельнікамі сталі больш за 5 тыс. студэнтаў з 56 навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Балгарыі і іншых краін Усходняй Еўропы. Арганізатарамі конкурсу выступаюць Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт друку імя Івана Фёдарава, некамерцыйнае партнёрства "Цэнтр упакоўкі, этыкеткі, дызайну" і часопіс "Тара і Упакоўка".-0-
БЕЛТА
Дванаццаць дыпломаў прывезлі віцебскія студэнты з міжнароднага конкурсу дызайну ўпакоўкі
11.10.20110 праглядаў