2 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рух усіх відаў транспартных сродкаў у аўтадарожным пункце пропуску "Грыгораўшчына" адновіцца 15 кастрычніка з 11.00, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай мытні.
Пункт пропуску "Грыгораўшчына" знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне на мяжы з Латвіяй. Ён быў закрыты 15 ліпеня бягучага года ў сувязі з правядзеннем маштабных работ па рэканструкцыі. Як чакаецца, 15 кастрычніка будзе здадзена ў эксплуатацыю першая чарга аб'екта: пачнуць функцыянаваць дзве паласы на выезд грузавых аўтамабіляў, адна паласа на ўезд, а таксама паласы на ўезд і выезд легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.
Абуладкаванне аўтадарожных пунктаў пропуску з'яўляецца адным з напрамкаў дзейнасці ДМК Беларусі, якое ажыццяўляецца ў рамках прынятай урадам комплекснай праграмы на 2011-2015 гады. Як паведамлялася раней, у рамках дзяржінвестпраграмы на 2012 год прадугледжвалася выдзяленне Br134,95 млрд., якія накіроўваліся на ўвод у эксплуатацыю аўтадарожных пунктаў пропуску "Прывалка" на беларуска-літоўскай мяжы, "Грыгораўшчына" на беларуска-латвійскай мяжы, а таксама на пачатак распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі аўтадарожных пунктаў пропуску "Каменны Лог" і "Новая Гута". Выкананне мерапрыемстваў комплекснай праграмы дазволіць да 2015 года выйсці на прапускную здольнасць усіх пунктаў пропуску 33,98 тыс. аўтамабіляў у суткі.-0-
БЕЛТА
Рух усіх відаў транспарту ў ПП "Грыгораўшчына" на беларуска-латвійскай мяжы адновіцца 15 кастрычніка
2.10.20120 праглядаў