23 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Двое чалавек загінулі і чацвёра паранены ў ДТЗ у Лепельскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. На аўтадарозе Красналукі-Лепель паблізу вёскі Вялікі Полсвіж удзень 22 студзеня 22-гадовая жыхарка вёскі Новыя Валосавічы, кіруючы аўтамабілем "Опель", выехала на паласу сустрэчнага руху і сутыкнулася з аўтамабілем "Фальксваген Гольф" пад кіраваннем пенсіянера з вёскі Зялёны Востраў 1933 года нараджэння. У выніку аварыі кіроўца "Фальксвагена", яго 76-гадовая жонка, кіроўца аўтамабіля "Опель" і непрацуючы жыхар горада Лепель 1990 года нараджэння, які ехаў з ёй, з траўмамі рознай ступені цяжкасці змешчаны ў раённую бальніцу. Загінулі пасажыры "Опеля" - жыхарка Віцебска 1986 года нараджэння, а таксама дзіця 2008 года нараджэння - дачка кіроўцы. У ДАІ не выключылі, што пэўную ролю ў гэтай аварыі маглі адыграць складаныя ўмовы надвор'я і неапытнасць кіроўцы "Опеля". Падрабязныя абставіны здарэння высвятляюцца. Як паведамілі ва УДАІ МУС Беларусі, гэта не адзінае лабавое сутыкненне з трагічным зыходам, якое адбылося за мінулыя выхадныя дні і пятніцу. У Іўеўскім раёне ў светлы час сутак 38-гадовы жыхар Мінска на аўтамабілі "КІА" не справіўся з кіраваннем, аўтамабіль выехаў на сустрэчную і сутыкнуўся з аўтамабілем "МАН" з паўпрычэпам. Кіроўца легкавіка і яго 35-гадовая жонка з цялеснымі пашкоджаннямі былі змешчаны ў бальніцу, дзе жанчына памерла ў той жа дзень. Акрамя таго, у Талачынскім раёне аўтамабіль "БМВ 525" занесла і вынесла на сустрэчную паласу, дзе таксама адбылося сутыкненне з грузавым аўтамабілем з паўпрычэпам ("Вольва"). Фура выехала на сустрэчную і сутыкнулася з грузавой "Івека". Кіроўца "БМВ" - 29-гадовы жыхар Оршы - памёр на месцы, а яго жонка 1985 года нараджэння, якая ехала з ім, была шпіталізавана.