Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) можа вылучыць сродкі на рэканструкцыю мастоў у рэгіёнах. Пра гэта ў інтэрв'ю на тэлеканале СТБ распавёў кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр Піваварскі, паведамляе БЕЛТА.

Гаворачы пра інфраструктурныя праекты, якія рэалізуюцца ў Беларусі пры падтрымцы ЕБРР, прадстаўнік банка адзначыў, што сярод іх ёсць падобныя: "У нас ёсць зараз цэлы партфель гэтых праектаў. І некаторыя паўтараюцца. Напрыклад, прафінансуем масты рэспубліканскага ўзроўню, а ёсць масты муніцыпальныя. Мы таксама разглядаем патэнцыйны праект з муніцыпальнымі мастамі".

Таксама ў Беларусі пры падтрымцы ЕБРР ужо запушчаны праект па рэканструкцыі аўтадарогі М10. Па словах Аляксандра Піваварскага, пасля фарміравання канчатковага спісу магчымых прыватных партнёраў урад абярэ сярод іх пераможцу. "У прынцыпе, да канца наступнага года, напэўна, гэта магчыма зрабіць", - дадаў ён.

Аляксандр Піваварскі адзначыў, што банк задаволены дынамікай супрацоўніцтва ў Беларусі. "Беларусь - партнёр надзейны, прадказальны. Калі нешта абяцаюць - тут заўсёды выконваюць", - падкрэсліў ён.

Як паведамлялася, 3 снежня па выніках сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з першым віцэ-прэзідэнтам ЕБРР Юргенам Рыгтэрынкам было падпісана крэдытнае пагадненне. Згодна з дакументам, ЕБРР вылучае 259 млн еўра на рэканструкцыю ў Беларусі 12 мастоў і трасы М3.

Першы кампанент пагаднення прадугледжвае рэканструкцыю 12 мастоў на рэспубліканскіх аўтадарогах з фінансаваннем у памеры 126 млн еўра. Чакаецца, што да рэканструкцыі могуць прыступіць ужо ў 2020 годзе пасля правядзення неабходных працэдур.

Другі транш у памеры 133 млн еўра прызначаны для мадэрнізацыі трасы М3, якая злучае Мінск з Віцебскам. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю 47-кіламетровага ўчастка трасы.

ЕБРР - шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 69 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. ЕБРР з'яўляецца найбуйнейшым інстытуцыйным інвестарам у эканоміку Беларусі. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР праінвеставаў амаль 2,7 млрд еўра ў 119 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)