26 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адзіная канцэпцыя падтрымкі дзяцей заклікана стымуляваць грамадства ствараць замяшчальныя сем'і. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок, каментуючы тэму падтрымкі сем'яў з дзецьмі і праблему дэмаграфічнай бяспекі, закранутыя Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 23 снежня на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі. Па словах Івана Шчурка, за мінулыя гады ў Беларусі была праведзена значная праца па аказанні падтрымкі замяшчальным сем'ям. Галоўным дасягненнем гэтых намаганняў стала павелічэнне колькасці апекунскіх і прыёмных сем'яў. Напрыклад, у Віцебскай вобласці створана каля тысячы такіх сем'яў, у іх выхоўваюцца больш за 60% дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, якія пражываюць у рэгіёне. Астатнія знаходзяцца ў інтэрнатных установах. "Дзяржавай прыкладаюцца ўсе сілы, каб адысці ад гэтай формы выхавання і знайсці кожнаму дзіцяці прыёмных бацькоў, знаходзяцца магчымасці і сродкі для маральнай і матэрыяльнай падтрымкі такіх людзей", - падкрэсліў начальнік упраўлення аблвыканкама. Адным з прыярытэтных напрамкаў у гэтай дзейнасці з'яўляецца стварэнне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. З 2006 года па прэзідэнцкай праграме "Дзеці Беларусі" ў Віцебскай вобласці пабудавана 15 дамоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот, у Віцебскім, Верхнядзвінскім, Мёрскім, Глыбокскім, Докшыцкім, Аршанскім, Лепельскім раёнах, Оршы і Гарадку. Сваю сям'ю ў іх знайшлі больш за 110 дзяцей. У студзені адкрыюцца яшчэ два дамы ў Шуміліне і Чашніках. Задача на 2012 год - пабудаваць такія ж дамы ва Ушачах і Браслаўскім раёне. "Беларусь праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку, таму праблемы дзяцей заўсёды будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі", - заключыў Іван Шчурок.-0-

БЕЛТА