28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адзінкавыя выпадкі грыпу рэгіструюцца ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя. "У Беларусі нізкі ўзровень актыўнасці вострых рэспіраторных інфекцый. Этыялагічная структура ВРІ прадстаўлена негрыпознымі віруснымі агентамі. Адзначаюцца спарадычныя выпадкі грыпу А", - праінфармавалі ў Мінздаве. У прэс-службе міністэрства падкрэслілі, што "эпідэміялагічная сітуацыя па захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі знаходзіцца на пастаянным кантролі, але разам з тым многае залежыць ад стаўлення кожнага чалавека да ўласнага здароўя і людзей, якія яго атачаюць". Выкананне элементарных прафілактычных мер, рэкамендаваных Міністэрствам аховы здароўя, асабліва падчас змены ўмоў надвор'я, дазволіць кожнаму захаваць сваё здароўе, нагадалі ў ведамстве, звярнуўшы ўвагу, што актуальную інфармацыю аб грыпе і іншых вострых рэспіраторных інфекцыях можна знайсці на сайце міністэрства ў раздзеле "Асцярожна-ВРІ!". Са спасылкай на штотыднёвы бюлетэнь EuroFlu ЕРБ САЗ у прэс-службе Мінздава паведамілі, што сезон грыпу ў Еўрапейскім рэгіёне САЗ пачаўся: усё большая колькасць краін у розных частках гэтага рэгіёну паведамляе пра спарадычную паралельную цыркуляцыю вірусаў грыпу A(H1N1), A(H3N2) і B, хоць узровень актыўнасці грыпу ўсё яшчэ застаецца нізкім. У краінах паўночнай Афрыкі і Усходняга Міжземнамор'я актыўнасць грыпу павялічылася, ва Усходняй Азіі рэгіструюцца спарадычныя выпадкі захворвання. Антыгенная характарыстыка выяўленых вірусаў грыпу сведчыць аб тым, што яны адпавядаюць вірусам, рэкамендаваным САЗ для ўключэння ў сезонную вакцыну ў Паўночным паўшар'і.-0-

БЕЛТА