Аднаразовую матэрыяльную дапамогу да новага навучальнага года атрымаюць больш за 11 тысяч шматдзетных сем'яў вобласці ў дачыненні да 22,3 тысячы дзяцей школьнага ўзросту.
Пра гэта «ВВ» паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. Памер выплаты на кожнае дзіця-школьніка складае 109 руб. 32 кап., або 30 % бюджэту пражытачнага мінімуму, які дзейнічае на 1 жніўня 2023 года. Нагадаем, што за атрыманнем такой дапамогі трэба звяртацца: у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання) аднаго з бацькоў дзіцяці, а ў Віцебску – па месцы вучобы дзіцяці.
У рэспубліканскую акцыю «Збяром дзяцей у школу» ў Чашніцкім раёне актыўна ўключыліся валанцёры залатога ўзросту – актывісты аддзяленняў ТЦСАН. Кожны імкнецца ўнесці пасільны ўклад у дапамогу сем'ям, якія маюць патрэбу, купіўшы і паклаўшы ў спецыяльныя скрынкі школьна-пісьмовыя прыналежнасці. Ужо 15 сем'яў атрымалі падарункі, падрыхтаваныя добраахвотнікамі.
– Аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў нашым раёне мы плануем аказаць амаль 290 шматдзетным сем'ям, у якіх выхоўваюць больш за 600 дзяцей школьнага ўзросту, – паведаміла дырэктар ТЦСАН Таццяна Гапоненка. – Па стане на 18 жніўня дапамогу атрымалі больш за 190 сем'яў у дачыненні да амаль 400 школьнікаў.
Сужэнцы Максім і Юлія Клочкі з аграгарадку Новая Зара выхоўваюць чацвярых дзяцей, трое з якіх – школьнікі. Муж працуе на сельгаспрадпрыемстве, жонка – у дзіцячым садзе. Трымаюць грунтоўную гаспадарку, на сваім трактары апрацоўваюць участак зямлі. Прывыклі разлічваць на сябе, але прызнаюцца, што матэрыяльная дапамога, за якой звяртаюцца другі год, вельмі дарэчы.
– Амаль 330 руб. для нас – немалая сума, – кажа Юлія. – На многія пакупкі для дзяцей хапіла. Цяпер яны апрануты, абуты, у іх ёсць усе неабходныя школьныя прыналежнасці – да новага навучальнага года гатовыя!