У Наваполацку на УП «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў» адкрылі комплекс па паглыбленай перапрацоўцы зношаных шын і гуматэхнічных вырабаў, з якіх будуць атрымліваць гумавую крошку і вырабляць іншыя гуматэхнічныя вырабы.– У прэсе некалькі гадоў таму пісалі пра тое, што Наваполацк – самы брудны горад Беларусі. Мы з гэтым не згодныя і вырашылі пераламіць гэтае меркаванне. Сталі праводзіць шэраг мерапрыемстваў па мінімізацыі шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і за апошнія гады палепшылі паказчыкі ў некалькі разоў, – сказаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дземідаў.

Сучасная праца па зборы і сартаванні цвёрдых камунальных адходаў пачалася ў 2010 годзе, калі ў Наваполацку запрацаваў УП «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў». Сталі і насельніцтва прывучаць да раздзельнага збору адходаў. Але, як адзначыў Дзмітрый Уладзіміравіч, з дарослымі людзьмі са сталымі звычкамі дамовіцца складана, а дзеці, моладзь добра адгукаюцца на ўсе ініцыятывы. Запуск гэтага комплексу з'яўляецца чарговым мерапрыемствам у барацьбе з забруджваннем навакольнага асяроддзя.

Інвестпраект уключаны ў Дзяржаўную праграму «Адзін раён – адзін праект», ключавы пасыл якой – аднаўленне эканамічнага росту, стварэнне імпартазамяшчальных вытворчасцей і прадухіленне адтоку людзей з правінцыі ў буйныя гарады. На комплексе створана 23 новыя працоўныя месцы.

Праектна-пошукавыя работы па комплексе пачаты ў канцы 2020 года. Сёння яго здалі ў эксплуатацыю. Фактычны кошт праекта склаў больш за 6,5 млн рублёў. Тэрмін акупнасці – 7 гадоў.

– Гэты комплекс самы значны і самы дарагі на нашым прадпрыемстве, складаецца з дзвюх ліній абсталявання. Плануем тут вырабляць гумавую плітку, брусчатку, бардзюр розных памераў, формаў і колераў. Такія вырабы атрымліваюцца трывалыя, траўмабяспечныя, марозаўстойлівыя, не выгараюць на сонцы, з доўгім тэрмінам службы. Выкарыстоўваць іх можна як на вуліцы, так і ўнутры памяшканняў, – распавёў дырэктар УП «Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў» Сяргей Велюга.

У Віцебскай вобласці існуе праблема з рэалізацыяй зношаных шын. Найбліжэйшыя падобныя прадпрыемствы ёсць у Гродзенскай, Магілёўскай абласцях і ў Мінску. Цяпер усе прадпрыемствы Віцебскай вобласці змогуць здаваць зношаныя шыны на перапрацоўку на наваполацкі біямехзавод.