6 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адзіны рэгістр даных пра стан здароўя жыхароў ствараецца ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач.
Для раённых цэнтральных бальніц закуплена 18 сервераў, на якіх будуць размяшчацца медыцынскія звесткі пра пацыентаў - жыхароў раёнаў: узрост, вага, апошнія вынікі аналізаў і дыягнастычных абследаванняў. Гэтыя базы стануць даступныя таксама цэнтральнаму серверу ў Віцебскім абласным дыягнастычным дыспансеры. Такім чынам, у рэгіёне ствараецца адзіны рэгістр звестак пра стан здароўя жыхароў Віцебскай вобласці, канстатаваў Юрый Дзеркач.
Перавагі камп'ютарызацыі відавочныя як для медыкаў, так і для пацыентаў: першыя аб'ектывізуюць даныя пра хворых, дзе б тыя ні пражывалі, другія вызваляюцца ад неабходнасці атрымліваць выпіскі і даведкі, неабходныя для кансультацый у вузкіх спецыялістаў або лячэння ў стацыянары. Акрамя таго, адзіным рэгістрам змогуць карыстацца брыгады хуткай медыцынскай дапамогі. Закупляемыя сёлета 88 карет хуткай дапамогі будуць аснашчаны тэрміналамі для сувязі з цэнтральным серверам, што дазволіць урачам яшчэ да прыбыцця па выкліку атрымаць звесткі пра стан здароўя хворага.
У першым квартале бягучага года ў адзіны рэгістр прадугледжваецца ўнесці даныя пра пацыентаў чатырох раёнаў вобласці. Да канца года рэгістр павінен запрацаваць, як гэта і вызначана падпраграмай "Здароўе" рэгіянальнай інавацыйнай праграмы на 2011-2015 гады.
У цяперашні час у вобласці функцыянуюць медыцынскія рэгістры: Беларускі канцэр-рэгістр, рэспубліканскі рэгістр "Цукровы дыябет", дзяржрэгістр асоб, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый. У рэгіёне створаны і працуюць два тэлекамунікацыйныя кансультатыўныя цэнтры - пры Віцебскім абласным клінічным скурна-венералагічным дыспансеры і Віцебскім абласным клінічным кардыялагічным дыспансеры. У 2011 годзе ў скурна-венералагічным дыспансеры ў рэжыме online атрымаў кансультацыі 71 пацыент, у рэжыме offline - 164, на сайце праведзена 541 кансультацыя. Кансультатыўным цэнтрам кардыядыспансера пракансультавана ў 2011 годзе 110 хворых.-0-
БЕЛТА
Адзіны медыцынскі рэгістр жыхароў ствараецца ў Віцебскай вобласці
6.2.20120 праглядаў