Адзіны рэестр адміністрацыйных працэдур павінен запрацаваць у Беларусі 1 студзеня 2018 года, паведаміла журналістам намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адзіны рэестр адміністрацыйных працэдур павінен запрацаваць у Беларусі 1 студзеня 2018 года, паведаміла журналістам намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адзіны рэестр адміністрацыйных працэдур ужо ствараецца. Да 1 студзеня 2018 года, упэўнена, ён запрацуе. З другога паўгоддзя 2017 года органы дзяржкіравання будуць напаўняць яго сваімі адміністрацыйнымі працэдурамі, што нам дазволіць інвентарызаваць гэтыя працэдуры, забяспечыць празрыстасць па складзе, прад'яўляемых дакументах і кошце і ў выніку перайсці на іх праходжанне ў электронным выглядзе", - адзначыла Ірына Касцевіч. Паводле яе слоў, у цяперашні час у электронным выглядзе можна прайсці каля 110 адміністрацыйных працэдур. Да 2020 года доля адміністрацыйных працэдур, ажыццявіць якія можна ў электронным выглядзе, павінна скласці не менш за 75%.
Ірына Касцевіч падкрэсліла, што прапановы, якія складаюць праект Нацыянальнай платформы бізнэсу-2017, вынесены на Асамблею дзелавых колаў 1 сакавіка, - гэта не новацыі. Больш за палову ёсць у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады і комплексе мер па яе рэалізацыі з канкрэтнымі тэрмінамі і адказнымі.
Прайшоў першае чытанне праект закона "Аб нарматыўна-прававых актах", якім прадугледжана ўкараненне ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння. "У нас нават ёсць гатовы праект пастановы, каб пакетным прынцыпам хутка ўкараніць методыку па правядзенні АРУ", - сказала яна.
Ірына Касцевіч адзначыла, што Савет па развіцці прадпрымальніцтва прапанаваў праект закона аб самарэгулюемых арганізацыях. "Мы сур'ёзна яго на грамадска-кансультатыўным савеце абмяркоўвалі, ладзілі мазгавы штурм. Пры Мінэканомікі створана рабочая група, якая яго адпрацоўвае", - паведаміла намеснік міністра.
Што тычыцца зніжэння адміністрацыйнай адказнасці і дэкрыміналізацыі эканамічных рызык, то, па словах намесніка міністра, таксама створана рабочая група, якая напрацоўвае пакет прапаноў, што будуць унесены ў Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях ужо ў гэтым годзе.