Адзіны звод мемарыялаў, помнікаў і воінскіх пахаванняў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, створаць да сакавіка 2020 года ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным Савеце дэпутатаў.

У Віцебскай вобласці працягваецца работа па ўвекавечанні памяці загінулых у Вялікай Айчыннай вайне, захаванні воінскіх пахаванняў. За імі замацаваны арганізацыі, прадпрыемствы, навучальныя ўстановы. Але ёсць катэгорыя помнікаў, якая засталася па-за прававым полем Указа №109 "Аб увекавечанні памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў". Сярод іх помнікі "Віцебскія вароты", Мінаю Шмырэву ў абласным цэнтры і яго расстраляным дзецям у Суражы Віцебскага раёна, Герою Савецкага Саюза Анатолю Углоўскаму, Курган дружбы ў Верхнядзвінскім раёне, мемарыяльныя знакі на месцах спаленых вёсак і іншыя. Мясцовыя ўлады наводзяць парадак на гэтых аб'ектах, але яны не падпадаюць пад дзяржаўны ўлік. Плануецца, што галіновыя прафсаюзы рэгіёну замацуюць за сабой падобныя помнікі.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў даручыў кіраўнікам заканадаўчай улады на месцах падрыхтаваць па прыкладзе Віцебскага раёна, дзе гэтай працай займаецца выкладчык Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдат гістарычных навук, дэпутат райсавета Мікалай Півавар, зводы помнікаў, мемарыялаў і воінскіх пахаванняў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Да сакавіка 2020 года плануецца стварыць адзіны спіс па вобласці.

У Віцебскай вобласці знаходзіцца 1450 воінскіх пахаванняў, дзе спачываюць каля 413 тыс. воінаў. За апошні год сталі вядомы прозвішчы каля 10 тыс. загінулых у гады вайны.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)