17 студзеня, Масква /Эдуард Півавар – БЕЛТА/. Еўразійская эканамічная камісія, офіс якой знаходзіцца ў Маскве, адкрые свае прадстаўніцтвы ў Беларусі і Казахстане. Адпаведны праект рашэння Савета ЕЭК, адобраны рашэннем калегіі камісіі, апублікаваны на афіцыйным сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Згодна з зацверджаным праектам палажэння аб прадстаўніцтве, яно будзе забяспечваць узаемадзеянне ЕЭК з органамі дзяржаўнай улады дзяржавы знаходжання, у тым ліку ў частцы падрыхтоўкі матэрыялаў, праектаў рашэнняў і рэкамендацый камісіі па пытаннях фарміравання і функцыянавання Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Функцыямі прадстаўніцтва вызначаны таксама ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі дзяржавы знаходжання, па пытаннях, якія ўваходзяць у сферу дзейнасці камісіі, садзейнічанне правядзенню пасяджэнняў Савета ЕЭК у рэжыме відэаканферэнцыі, падрыхтоўка аналітычных матэрыялаў.
У адпаведнасці з праектам палажэння, прадстаўніцтва не будзе з'яўляцца юрыдычнай асобай. Яго ўзначаліць кіраўнік, які прызначаецца і вызваляецца ад пасады загадам старшыні калегіі ЕЭК.
Рашэнне аб адкрыцці прадстаўніцтваў Еўразійскай эканамічнай камісіі ў Беларусі і Казахстане будзе разгледжана на найбліжэйшым пасяджэнні Савета ЕЭК.