25 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Эканамічны эфект ад рэалізацыі праграм па зніжэнні затрат на камунальных прадпрыемствах Віцебскай вобласці ў першым паўгоддзі склаў больш за Br20 млрд., паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Мацкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Арганізацыямі камунальнай формы ўласнасці рэалізуюцца галіновыя і рэгіянальныя мерапрыемствы па скарачэнні затрат за кошт змены структуры выпускаемай прадукцыі, эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў, кармоў, укаранення энергазберагальнага абсталявання і тэхналогій, эканоміі ўсіх відаў энергіі. Так, на прадпрыемствах Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" эканамічны эфект ад укаранення мерапрыемстваў па зніжэнні затрат дасягнуў за паўгода Br8,4 млрд., на прадпрыемствах, падпарадкаваных упраўленню ЖКГ, ацэньваецца ў Br8 млрд. Разам з тым Алег Мацкевіч канстатаваў, што прынятыя меры па скарачэнні затрат недастатковыя. Па аператыўных даных, за першае паўгоддзе ў цэлым па вобласці ўзровень матэрыялаёмістасці прамысловай прадукцыі знізіўся на 1,8% да студзеня-чэрвеня 2010 года, па прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасці - узрос на 1,9%. Як лічыць намеснік старшыні аблвыканкама, рост затрат тлумачыцца выкарыстаннем арганізацыямі паслуг пасрэднікаў для закупкі камплектуючых, сыравіны, матэрыялаў.-0-

БЕЛТА