9 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці неабходна забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне ўсіх пустуючых плошчаў. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на 19-й пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання ў ходзе разгляду пытанняў арэнды дзяржаўнай маёмасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як паведаміў дырэктар Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржмаёмасці "Віцебскаблмаёмасць" Міхаіл Паўлючкоў, на сённяшні дзень у рэгіёне ў абласной, камунальнай і ўласнасці гарадоў і раёнаў не выкарыстоўваецца каля 3% маёмасці агульнай плошчай 254,6 тыс. кв. м, у рэспубліканскай уласнасці - 3,7% нерухомай маёмасці плошчай 267,8 тыс. кв. м. Усяго на тэрыторыі вобласці ў рэспубліканскай, абласной, гарадской, раённай уласнасці і ўласнасці спажывецкай кааперацыі ў ходзе ліквідацыі і санацыі банкруцтва знаходзяцца 1726 аб'ектаў, па кожным з якіх вызначаны далейшыя мерапрыемствы для іх эфектыўнага выкарыстання. Таксама ўстаноўлены 94 аб'екты, якія раней былі прададзены, але ўжо больш за 10 гадоў не выкарыстоўваюцца. Касаючыся эфектыўнасці выкарыстання дзяржмаёмасці, Міхаіл Паўлючкоў падкрэсліў, што не ўсе прадпрыемствы адказна ставяцца да гэтага пытання. Так, у мінулым месяцы фонд "Віцебскаблмаёмасць" праверыў эфектыўнасць выкарыстання маёмасці рэспубліканскай формы ўласнасці тэлецэнтра "Віцязь", прадпрыемстваў "Маналіт", "Эвістар". У якасці прыкладу Міхаіл Паўлючкоў прывёў "Віцязь", адзін з карпусоў якога ўжо сем гадоў не выкарыстоўваецца, аднак на прапанову здаць свабодныя плошчы ў арэнду для рэалізацыі шэрагу перспектыўных праектаў адміністрацыя завода адказала адмовай.