15 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец даручыў праверыць эфектыўнасць замежных камандзіровак кіраўнікоў раёнаў, а з некаторых спагнаць расходы на іх службовыя паездкі за межы краіны. Пра гэта ён паведаміў сёння падчас абмеркавання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на 2013 год на сумесным пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама і прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За студзень-кастрычнік бягучага года ў рэгіён прыцягнута $71,8 млн. прамых замежных інвестыцый, у тым ліку на чыстай аснове $29,7 млн. І хоць аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўзрастаў у 3,1 раза, ён складае крыху менш за 21% ад задання. Каля 82% ад агульнага аб'ёму замежных інвестыцый прыцягнута арганізацыямі без ведамаснай падпарадкаванасці, 17,5% - арганізацыямі рэспубліканскай уласнасці, прадпрыемствамі камунальнай формы ўласнасці замежныя інвестыцыі на чыстай аснове не прыцягваліся. Заданне выконваюць толькі шэсць раёнаў і гарадоў вобласці.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец даручыў спагнаць з асобных старшынь раённых і гарадскіх выканкамаў сродкі, затрачаныя на іх замежныя камандзіроўкі, якія не прынеслі эфекту ў выглядзе інвестыцыйных кантрактаў або замежных інвестыцый. "Пракантраляваць замежныя камандзіроўкі ў разрэзе прыцягнення прамых замежных інвестыцый. Неабходна прыцягваць кіраўнікоў раёнаў да адказнасці за невыкананне задання па прыцягненні інвестыцый у развіццё сваіх рэгіёнаў", - сказаў губернатар.
Па выніках года ў Віцебскай вобласці чакаецца прыцягненне прамых замежных інвестыцый у аб'ёме каля $85 млн., з іх $40 млн. - прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове. На разгляд дэпутатаў аблсавета 18 снежня будзе вынесены прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на 2013 год, які прадугледжвае прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў памеры $146 млн.-0-
БЕЛТА
Эфектыўнасць замежных камандзіровак кіраўнікоў правераць у Віцебскай вобласці
15.12.20120 праглядаў