Эфектыўная праца на вытворчасці з'яўляецца галоўнай мерай падтрымкі і сацыяльнай абароны грамадзян – А. Косінец
1.9.20110 праглядаў
1 верасня, Полацк /Сяргей Кочаткаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці прыняты сур'ёзныя комплексныя меры па павелічэнні адраснай сацыяльнай дапамогі, сацыяльнай падтрымцы малазабяспечаных грамадзян, пенсіянераў і шматдзетных сем'яў, але галоўнай мерай падтрымкі і абароны павінна стаць высокая эфектыўнасць работы рэальнага сектара эканомікі. Пра гэта паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец. У Полацку ён прыняў удзел у адкрыцці новага навучальнага корпуса і стадыёна сярэдняй школы №18 імя Еўфрасінні Полацкай.
З пачатку года ў вобласці дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога аказана на суму больш за Br4 млрд., плануецца аказаць фінансавую падтрымку тым, хто мае патрэбу ў набыцці плодаагародніннай прадукцыі пры падрыхтоўцы да зімы і шэраг іншых мерапрыемстваў. Разам з тым кіраўнік вобласці перакананы, што аснову падтрымкі і павышэння матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва павінны скласці дысцыпліна на вытворчасці і высокапрадукцыйная праца. "Сёння ў Віцебскай вобласці ўдалося павысіць прадукцыйнасць працы больш чым на 70%, а неабходна дамагчыся двухкратнага павелічэння гэтага паказчыка, а таксама павялічыць у два разы аб'ёмы вытворчасці і як вынік павысіць заработную плату практычна ў два разы", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Але гэтага можна дамагчыся толькі за кошт высокай дысцыпліны на вытворчасці і эфектыўнага бізнес-планавання, выпуску ліквіднай прадукцыі для павелічэння ў два разы экспарту, а таксама абмежавання імпарту ў дыяпазоне ад 25% да 50% і развіцця імпартазамяшчальных вытворчасцей. У вобласці ёсць усё неабходнае для гэтага, трэба толькі зусім па іншаму паглядзець на жыццё і выкарыстоўваць наяўны патэнцыял, упэўнены кіраўнік аблвыканкама. Так, за апошнія 1,5 года толькі за кошт увядзення ў севазварот каля 200 тыс.га невыкарыстоўваемых земляў удалося ўжо ў 2011 годзе атрымаць ураджай збожжавых у аб'ёме больш за 1,3 млн.т. У бягучым годзе прамысловы комплекс Віцебшчыны павялічыў аб'ёмы вытворчасці на 80%, пры гэтым толькі ААТ "Нафтан" нарасціла вытворчасць прадукцыі больш чым у 2 разы ў супастаўных цэнах. Ёсць рэзервы ў плане павышэння эфектыўнасці шэрагу вытворчых комплексаў, трэба будзе папрацаваць над ліквідацыяй пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці, актывізаваць працэс прыцягнення інвестыцый.
Паводле ацэнкі спецыялістаў, толькі за кошт павелічэння прадукцыйнасці працы і поўнай загрузкі вытворчых магутнасцей па многіх прадпрыемствах Віцебскай вобласці можна дамагчыся павелічэння заробку на суму ад Br500 тыс. да Br1 млн. Таму гэтым пытанням у вобласці будзе нададзена самая пільная ўвага, адзначыў Аляксандр Косінец.-0-
БЕЛТА