10 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Эколагі Беларусі і Расіі прапануюць добраўпарадкаваць вытокі рэк, якія ўпадаюць у Заходнюю Дзвіну і Дняпро. Гэта рашэнне зацверджана сумеснай беларуска-расійскай камісіяй па ахове і рацыянальным выкарыстанні трансгранічных водных аб'ектаў, якая завяршыла сёння сваю працу ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Для паляпшэння экалагічнага стану трансгранічных водных аб'ектаў басейнаў рэк Заходняя Дзвіна і Дняпро на працягу бліжэйшых гадоў будуць праведзены работы па абследаванні рэчышчаў гэтых рэк і вызначэнні ступені іх зарастання і заілення. Сумесная камісія таксама вызначыла асноўныя напрамкі навукова-даследчай дзейнасці і навукова-прыкладных работ для паляпшэння водагаспадарчай абстаноўкі ў басейнах Заходняй Дзвіны і Дняпра. У прыватнасці, вучоным трэба будзе ацаніць экалагічны стан гэтых водных артэрый і іх басейнаў і вызначыць метады яго паляпшэння.
Камісія адзначыла, што вясновае разводдзе і летнія паводкі 2011 года не аказалі негатыўнага ўздзеяння на жыццядзейнасць насельніцтва і аб'екты эканомікі, размешчаныя на тэрыторыі басейнаў Заходняй Дзвіны і Дняпра. Кіраўнікам нацыянальных частак рабочых груп па басейнах рэк даручана ажыццявіць падрыхтоўку да пропуску вясновага разводдзя і летніх паводак 2012 года.
У наступным годзе эколагі запланавалі правесці семінары спецыялістаў лабараторый, якія ажыццяўляюць маніторынг якасці вады трансгранічных водных аб'ектаў. Акрамя гэтага, на пасяджэнні зацверджаны ўдакладненыя пералікі трансгранічных водатокаў і трансгранічных азёр басейнаў рэк Заходняя Дзвіна і Дняпро.
Наступнае пасяджэнне сумеснай камісіі пройдзе ў 2012 годзе на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.-0-
БЕЛТА
Эколагі Беларусі і Расіі будуць добраўпарадкоўваць вытокі рэк, якія ўпадаюць у Заходнюю Дзвіну і Дняпро
10.11.20110 праглядаў