16 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Каля паўсотні прадпрыемстваў у Віцебскай вобласці атрымалі ад экалагаў статус добрасумленных суб'ектаў і вызваленне ад праверак на некалькі гадоў, распавёў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аператыўнага кантролю Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Каралёў. Камітэт ажыццяўляе дзяржаўны кантроль у галіне аховы навакольнага асяроддзя з улікам патрабаванняў Дырэктывы №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь". Праверкі накіраваны перш за ўсё на папярэджанне правапарушэнняў і ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з каардынацыйным планам кантрольнай дзейнасці па Віцебскай вобласці. У зводны план праверак эколагі не ўключаюць суб'екты гаспадарання, якія не маюць па выніках папярэдніх праверак парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Вета для кантралёраў дзейнічае на працягу ад трох да пяці гадоў. У сфарміраваны камітэтам пералік добрасумленных суб'ектаў гаспадарання ўвайшлі каля паўсотні вытворчых прадпрыемстваў як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці. На гэтых прадпрыемствах маюцца ўсе дазвольныя дакументы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, наладжаны ўлік аб'ектаў прыродакарыстання, праводзяцца прыродаахоўныя мерапрыемствы. Між тым у 2011 годзе па выніках праверак суб'ектам гаспадарання вобласці прадпісана да ліквідацыі каля 12 тыс. мерапрыемстваў. У сярэднім на адзін аб'ект у рэгіёне прадпісваецца 20,6 мерапрыемстваў. Асабліва зласных парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства камітэт заносіць у "чорны спіс". На дадзены момант у ім два суб'екты. У ходзе рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы №4 камітэтам ужываецца таксама практыка правядзення кантрольных мерапрыемстваў у галіне аховы навакольнага асяроддзя у выглядзе маніторынгаў. Агульная колькасць праведзеных маніторынгаў склала 19,6 тыс., па выніках якіх вынесена больш за 4 тыс. прадпісанняў на ліквідацыю выяўленых парушэнняў. -0-

БЕЛТА